Гарадзенцаў запрашаюць на анлайн-размову з Папам Рымскім

Відэаблог «Гарбата з Папам» у хуткім часе распачнецца на гарадзенскім каталіцкім сайце. Пасядзець за кубкам можна будзе двойчы ў месяц з дапамогай блогера Уладзіміра Крупенкі.

фото: zdorovie.com

Анлайн-трансляцыі з самім Папам не прадугледжана, аднак сустрэча з Пантыфікам адбудзецца праз яго словы. 21-гадовы каталік Уладзімір падчас кожнай «сумеснай гарбаты» будзе разважаць над адной з цытатаў Папы Францішка на самыя розныя тэмы.

— У Папы на сэрцы тое, што і ў нас. Я заўважыў, што настрой яго казанняў змяняецца праз нейкі час, але заўсёды датычыць нейкіх актуальных падзеяў. Я б хацеў зрабіць больш зразумелымі словы Папы для нас, звычайных людзей, паказаць яго добры дух і мудрасць, — дзеліцца думкамі Уладзімір Крупенка.

Разважанні аформяць у кароткія відэаролікі. Сюжэты будуць з’яўляцца на гарадзенскім каталіцкім сайце grodnensis.by. Дарэчы, гэта першы відэаблог каталіцкай старонкі.