Гісторыю Беларусі ў вершах прэзентуюць у Гродне

Пазнаёміцца з гісторыяй сваёй краіны ад часоў Міндоўга да сучаснасці ў вершах цяпер можна з дапамогай кнігі паэта са Скідзеля Алеся Чобата. Творчую сустрэчу з ім зладзяць у арт-галерэі «Крыга» 23 верасня а 17 гадзіне.

Кніга «Кароткая гісторыя Беларусі» складаецца са ста вершаў і ста старонак. Пачынаецца з апісання часоў князя Міндоўга (ХІІІ ст), заключаных у той перыяд уній, праведзенных бітваў, распавядае аб Паўночнай вайне (ХVІІІ ст), а заканчваецца сучаснасцю. Алесь Чобат у сваім творы паказвае і постаці людзей — апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, генерал Станіслаў Булак-Балаховіч, Максім Багдановіч, Янка Купала, Браніслаў Тарашкевіч.

— У яго своеасаблівая гісторыя, — выказалася пра творчасць Алеся Чобата гарадзенская паэтка Данута Бічэль. — Ён увесь час б’е балюча, каб чалавек прачнуўся.

Алесю Чобату, паэту, публіцысту і перакладчыку, у жніўні споўнілася 55. Ён вядомы па кнігах «Год», «Новая Галілея», «Край мой шчаслівы», «Зямля святога Лукі», «Легенда пра чатырох мушкецёраў», перакладах вершаў Чэслава Мілаша. Паэт меў праблемы са зрокам. Нягледзячы на аперацыю і рэабілітацыю, захаваць зрок не атрымалася. Ён цалкам аслеп на пачатку 2013 года. Жыве ў Скідзелі адзін.