Кіданкі — смутныя сялянскія жарты, байкі ды показкі

Пасля летняга адпачынку маю намер адысці ад нудных кансультацыйных парад і распавесці некалькі так званых кіданак — смутных сялянскіх жартаў ды баяк.

Пасля летняга адпачынку маю намер адысці ад нудных кансультацыйных парад і распавесці некалькі так званых кіданак — смутных сялянскіх жартаў ды баяк.

Кіданкі гэтыя назбіраліся самi сабой.

Усе яны — праўдзівыя гісторыі, што адбыліся ў даўнія, як у нас кажуць — «за тыма саветамі», часы, пачутыя ад розных людзей: ад маці маёй Валянціны Ціханаўны, цёткі Антолі, дзядзькі Лукаша ды іншых — вельмі дарагіх і паважаных землякоў ды проста знаёмых.

Чаму назва такая дзіўная — «кіданкі»?

А ўсё проста. Пад Падароскам і цяпер можна пачуць: «Як жывеш, браток?» А ў адказ: «Дык нічога — кідаемся яшчэ!»

 

А пачну я з кіданкі «Адкуль Жэшкі на Гарадзеншчыне вядуцца?», пачутай па сакрэту ад аднаго са сваякоў і пацверджанай аўтарытэтам старэйшых, што  згодна ківалі галавамі ў час аповяду: маўляў, праўда, чысцюткая праўда…

 Даўно справа адбылася. У мясцовага пана Ўладычанскага быў вельмі разумны паляўнічы сабака. Аднойчы запрасілі нашага пана на вялікае  паляванне аж недзе на Палесчыну. А там мясцовы ўладар так захапіўся розумам, вывучкай ды паляўнічымі здольнасцямі сабакі пана Ўладычанскага, што прапанаваў за яго вялікія грошы, каня і нават аднаго з сваіх лепшых прыгонных сялян — Жэшку.

Пан Ўладычанскі выбраў Жэшку, бо меў і грошы, і ўласных коней ладных, а вось Жэшак у яго не было.

Так і з’явіліся Жэшкі на Гарадзеншчыне.

А хто да сёняшняга часу думаў, што Жэшкі вядуцца ад князёў з графьямі, той шчыра памыляўся.

 

Кіданка другая: «Пята дзядзькі Ёзіка»

Раней людзі былі значна бліжэй да зямлі, чым сёння. З гэтай ці з іншай нагоды, толькі басанож хадзілі ад ранняй вясны да самых халадоў. І ничога сабе: і хварэлі мала, і боты цалейшымі захоўваліся.

Але вернемся да справы.

Прыйшоў неяк дзядзька Ёзік (яшчэ вельмі жвавы чалавек гадоў пад шэсцьдзясят) у кузню да каваля Міхася Міхальчыка з нейкай сялянскай патрэбай. Стаіць сабе, перамінаецца з нагі на нагу ды чакае, калі каваль адхопіцца ад гарна і звярне на яго ўвагу.

Раптоўна адчуў дзядзька Ёзік смярдзючы пах нечага гарэлага і звяртаецца да каваля:

«Міхась, нешта гарыць у цябе ў кузні!»

Міхась аглядзеўся і бачыць: дзядзька Ёзік голай пятой наступіў на раскалёны лямех, ад якога і ідзе едкі дым.

«Ёзік, — крыкнуў ён, — гэта ж твая пята гарыць!»

«Але гарыць», — убачыўшы, адкуль ідзе дым, пагадзіўся дзядзька Ёзік, нават не паварушыўшыся.

За доўгія гады жыцця натупаў дзядзька Ёзік такую тоўстую скуру на назе, што стала яна таўшчэй за падашву ў яловых ботах.

 

Кіданка трэццяя: «Як дзед Ціхан у калгас уступаў»

Усталяваліся саветы на маёй малай радзіме і пачалі калгасы ствараць. А людзі ж, вядомая справа, «цёмныя і несвядомыя», у калгасы запісвацца не спяшаюцца.

Тады актывісты сабралі ўсіх гаспадароў-мужчын нібыта на сход, а самыя дзверы зачынілі ды ахову прыставілі і так людзей трымалі. Дахаты  адпускалі толькі праз падпісаную заяву.

На другія суткі большасць была ўжо калгаснікамі, а на трэцція — амаль усе. Адзінаасобнікамі засталіся толькі тыя, каму жанкі неяк змаглі тую-сюю ежу праз адчыненае акенца перадаць. А так як мой дзед Ціхан быў далёка ад акна, дык и калгаснікам стаў разам з большасцю…

Як бачыце, дзякуй Богу, нікога да сценкі не ставілі, але і выбар заставаўся небагаты: гэта і ёсць яскравы абразчык «дабравольна- прымусовага» падыхода да вырашэння сваіх пытанняў бальшавікамі.

 

Кіданка чацвертая: «Дзядзька Міша — удалы гандляр»

Дзядзька Міша — былы партызан, па тых мерках добра адукаваны (меў ці тры, ці нават чатыры класы), адразу пасля вайны займаў на вёсцы адказныя пасады: старшыні калгаса, дырэктара лесапільні. Ўрэшце-рэшт апынуўся загадчыкам вясковай крамы — так званага «сельмага». Падначаленых у яго не было. Быў ён і прадаўцом, і загадчыкам у адной асобе.

Хто памятае тыя часы, ведае, што на вёсцы загадчык крамы — першы чалавек: і «на вэксаль» дасць і, калі трэба, ўначы краму адчыніць, і якога дэфіцыту адпусціць…

Неўзабаве «загойдалася крэсла» загадчыка ў дзядзькі Мішы: прафтэхвучылішча пачалі рыхтаваць сапраўдных прадаўцоў для вясковых крамаў.

Але ў дзядзькі Мішы былі свае людзі ў раёне: сваечасова паведамілі, што будзе сур’ёзная праверка, лічы — атэстацыя на прафпрыдатнасць.

Загадзя дзядзька Міша пачаў  рыхтавацца да гэтай «халеры» (у сэнсе — праверкі): павыкладаў тавары, цэннікі напісаў, прыбраў у краме, нават дэфіцытную на той час грыку выставіў (сябры з раёну падкінулі). Сядзіць сабе і чакае на тую праверку…

А тут цётка Гандзя надыйшла і, убачыўшы грыку, пытае: «Зваж мне, дзядзька Міша, грыкі два кілі».

На што дзядзька Міша, нічога не кажучы, бярэ і насыпае ей макароны (грыка была таварам дэфіцытным, было яе мала і прадаць яе да праверкі ніяк было немагчыма).

«Што ты робіш, Міша? — заляментавала Гандзя, — я ж пытала грыкі!»

«Не парве цябе і ад макарон», — быў адказ былога ваякі і пакуль што загадчыка.

 

Кіданка пятая: “На вяселлі»

Вяселле што ў той  пасляваенны час, што сёння — справа надзвычай адказная. Трэба гасцей задаволіць, каб не абгаворвалі потым. Ды й задаволенныя госці падораць болей — таксама праўда!

З гэтае нагоды прыйшлося нават з цяляткам разлучыцца, каб стол накрыць.

У самы разгар вяселля гаспадыня ўвіхаецца каля гасцей і прапаноўвае: «Лёгкае, лёгкае ешце, госцікі дарагія!»

На што тыя госцікі адказваюць:

«А, нічога, не турбуйцеся — нам і мяса з каўбасой не цяжкія!»