Гарадзенец знайшоў рэдкі фрагмент старадаўняй нямецкай пасудзіны

Гарадзенскі гісторык на беразе Юрыздыкі знайшоў каляровы гліняны аскепак з цікавай замалёўкай. Падобныя збаны пачалі вырабляць у Германіі ў XVI стагоддзі.

Гарадзенскі гісторык на беразе Юрыздыкі знайшоў каляровы гліняны аскепак з цікавай замалёўкай. Падобныя збаны пачалі вырабляць у Германіі ў XVI стагоддзі.

Гарадзенец Мечыслаў Супрон падчас аднаго са сваіх шпацыраў па беразе Юрыздыкі ў раёне сучаснага архіерэйскага падворку знайшоў кавалачак пасудзіны з белай гліны сіняга колеру. Адметна, што захаваўся медальён — малюнак у авальным апраўленні. На ім бачна барочную арку, накрыты стол з кубкамі, побач стаяць дзве жанчыны і мужчына, які нешта трымае ў руцэ. Сцэна адбываецца на фоне палаца.

Гэты фрагмент падобны да прыкыладу рэйнскай керамікі, аформленай у барочным стылі, сцвярджае загадчыца аддзелам археалогіі гісторыка-археалагічнага музея Наталля Кізюкевіч. Цяжка сказаць без даследвання, да якога перыяду адносіцца менавіта гэтая знаходка і часткай якой пасудзіны яна з’яўляецца. Аднак вядома, што падобныя збаны пачалі вырабляць у Германіі з канца XVI стагоддзя, а купцы завозілі іх на нашыя землі. Сёння ў Германіі аднавілі вытворчасць керамічных вырабаў у рэйнскім стылі. Такую знаходку можна назваць рэдкай. Асаблівую каштоўнасць уяўляе захаваны малюнак. Але ж падобныя фрагменты знаходзілі падчас раскопак і ў іншых гарадах Беларусі.

Фото: http://supron-licvin.livejournal.com/

Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплінаў Гродзенскага ўніверсітэта Генадзь Семянчук патлумачыў, што рэйнская кераміка адрозніваецца высокай якасцю абпальвання, паліва звычайна цёмных колераў (сіняга, зялёнага). Яна цвёрдая, як камень, і звонкая, калі па ёй пстрыкнуць пальцам.

Каштоўнасць менавіта гэтага фрагмента вызначыць цяжка. Аднак цікава, што сучасныя вырабы рэйнскай керамікі можна замовіць з Германіі коштам ад 8 да 650 еўра.