Шкада суседзяў…

Украіна і тое, што ў ёй і з ёй робіцца, падзяліла нашае грамадства. Адныя на лавачках пад шматпавярхоўкамі патэтычна сцвярджаюць: «Януковіч продал Украіну!» Другія плююцца і, праклінаючы жыдабендэраўцаў, масонаў і сіяністаў, захапляюцца Пуціным, праракуючы: «Вот встанет Расія с кален, і тагда...», а далей нічога толкам не могуць сказаць...  

Украіна і тое, што ў ёй і з ёй робіцца, падзяліла нашае грамадства. Адныя на лавачках пад шматпавярхоўкамі патэтычна сцвярджаюць:

«Януковіч продал Украіну!» Другія плююцца і, праклінаючы жыдабендэраўцаў, масонаў і сіяністаў, захапляюцца Пуціным, праракуючы: «Вот встанет Расія с кален, і тагда…», а далей нічога толкам не могуць сказаць…

 Ёсць, праўда, яшчэ трэція і чацьвёртыя, і нават пятыя, але пазіцыі іхнія настолькі нецікавыя і малаакрэсленыя, што Бог з імі!

Я успамінаю два класічныя эпізоды, удзельнікам якіх я быў і якія найбольш поўна Украіну мінулую характэрызавалі…

Першы — у горадзе Судаку. Ля брамы гарадскога рынку стаіць валютчык з поўнымі пальцамі рознакаляровай грашовай масы. Прычальвае да тратуара міліцэйская «Волга», з яе выплывае неверагодна вялікіх памераў сапраўдны ўкраінскі палкоўнік, падыходзіць да валютчыка…

 аддае яму чэсць…

 і суне руку першым.

Другі — недзе за Ўманню. Наш аўтамабільчык радасна спыняе (мы захутка ехалі) іншы палкоўнік міліцыі, бярэ правы майго сябра Валенціна і пачынае з ім у адкрытую гандлявацца: колькі той можа прапанаваць «у лапу».

Валік стартуе са сціплых дваццаці грыўнаў.

Палкоўнік страшэнна абражаны: «Валенцін Іванавіч, ну як вы мэні можаце прапанаваты Ўсяго дваццаць грывен, гэта ж не грошы, а сьміх…»

Нам, якія прыяжджалі на Ўкраіну ў адпачынак раз на год, такія рэчы падаваліся незвычайна вясёлымі і экзатычнымі, часткаю мясцовага каларыту, спектаклем у музычна-драматычным тэатры, а большасць простых, тут народжаных людзей у гэтай экзотыцы і каларыце штодзённа жылі і выжывалі.

Відаць, паціху-патроху асноўнай масе грамадзянаў так выжываць збрыдла — таму на даляглядзе з’явіўся даўгачаканы Юшчанка, потым сабраўся неўгамонны Майдан, а што сталася далей — усе мы ведаем…

Нашыя суседзі, зацятыя, шумнаватыя, паступова робяцца Народам, працэс пачаўся, хай бы толькі шлях ад Племені да Народу як найменей чырванеў і крывавіўся…

А сённяшні іхні дзень вельмі ж падобны на нейкі дзень у Сярэднявеччы: ваююць з сэпаратыстамі рэгулярныя дзяржаўныя войскі, ваюе паспалітае рушэнне, ваююць паміж сабой узброеныя атрады буйной магнатэрыі, замежныя наёмнікі, рускія ды нярускія, ваююць усе, хто хоча, у каго ў гародчыку пад вакном закапаная была сякая-такая зброя, не бракуе і тых, хто не грэбае з рукі нябожчыка зняць дарагі гадзіннік…

Ваююць паміж сабою тэлевізійныя каналы, газеты і часопісы.

І усе адзінагалосна сцвярджаюць, што змагаюцца ў імя шчасьця працоўных людзей, у імя высакароднай ідэі!

Сцвярджаць на словах можна ўсё!

Іншая справа, што не словамі ваююць на вайне, а кулямі і снарадамі, і ад куль і снарадаў штодзённа гінуць людзі…

Мне гэты жыццярадасны медыяльны пафас кшталту «хлопчыка, прыбітага да дошкі аб’яваў» ці «тубыльцы з ганьбаю ўцяклі ад нашай гераічнай газавай атакі» не падабаецца.

Мне хочацца, каб непатрэбнае праліццё крыві скончылася як найхутчэй-дрэнны мір лепшы за самую шыкоўную сварку.

Гісторыя кожнаму славянскаму брату і сястры раздасць па завушніцы, і згубленыя рэчы верне, і парушанае паставіць на свае месцы: і Крым, і Данецк, і Луганск…

І мы гэтаму будзем сведкамі, вось паглянеце!