Расійскія спецслужбы далі канцэрт на плошчы Леніна

Цэнтральны пагранічны ансамбль ФСБ Расіі зайграў у Гродне напярэдадні Дня незалежнасці.

Гастролі незвычайнага аркестру зладзілі пагранічныя службы абедзвюх краін у межах акцыі “Мяжу абаранялі разам”. Каб змясціць усіх выступоўцаў, па словах арганізатараў, з Ваўкавыска прывезлі дадатковую сцэну. Забаўляльная праграма складалася з інструментальных нумараў, спеваў, а таксама танцаў.

Гродна – першы, але не адзіны горад, куды наведаецца ансамбль ФСБ. 3 ліпеня ён выступіць на віцебскай плошчы Перамогі, а 4 ліпеня – у мінскім Палацы прафсаюзаў.

Ансамбль мае 70-гадавую гісторыю і з’яўляецца адным з вядучых расійскіх музычных калектываў. Зараз ён уключае эстрадна-сімфанічны аркестр, духавы аркестр, біг-бэнд, струнны квартэт, хор, балетную і эстрадную групы.