Фестываль нямога кіно: фільм 1919 года сабраў каля сотні гарадзенцаў

Фестываль нямога кіно на адкрытым паветры ўпершыню распачаўся ў Гродне. Гледачоў амаль змяшчала пляцоўка. Пачатку сеанса прыйшлося чакаць паўгадзіны.

Каля сотні гарадзенцаў сабраліся ва ўнутраным дворыку музея гісторыі рэлігіі. Гледачы размясціліся не толькі на крэслах ды лавах музея, але і на бардзюрах ды газонах. Прадбачлівыя захапілі коўдры на вечаровы прагляд. Давалі нямецкую “Ляльку” – нямы фільм 1919 года.

Гадзіннік Фары прабіў 21.30. Аднак “закруціць сонца”, як казалі арганізатары, не ўдавалася. У гэты час спраектаваць кадры на экран пад адкрытым небам было справай неверагоднай. Замест фільму бачылі толькі белае палатно. Таму недзе з паўгадзіны прысутным давялося чакаць, калі праявіцца кантраст чорнага і белага.

Адметнасцю фестывалю стала тое, што старыя кінастужкі без гуку паказвалі пад аўтарскую жывую музыку. Як распавёў адзін з арганізатараў фестывалю і куратар праекта Cinemascope Гера Глік, пад кожны фільм кампазітары стварылі мелодыю. Штодзень акампануюць іншыя музыкі. У пятніцу – гарадзенскі гурт “Раса мечтателей”, у наступныя дні – музыканты з Мінску.

Гледачы рэагавалі па-рознаму: хтосьці смяяўся з камедыі, хтосьці заставаўся задуменным, хтосьці проста драмаў на плячы сябра.

Тыя, хто прапусціў сеанс у пятніцу, яшчэ маюць шанс. У суботу пакажуць фільм “Касмічны рэйс” (СССР, 1935), а ў нядзелю – “Нарэшце ў бяспецы” (ЗША, 1923).

Фестываль нямога кіно ладзілі раней у Мінску. Гродна стаў першым абласным цэнтрам, куды ён накіраваўся. Які наступны горад, пакуль невядома.