У кірсе зайграе арганіст з Мінска

Дабрачынны арганны канцэрт адбудзецца сёння, 17 чэрвеня, у лютэранскай кірсе а 17.30.

Фото Виталия Дернейко

Як расказаў пастар рэлігійнай евангелічна-лютэранскай абшчыны Уладзімір Татарнікаў, першы пасля адкрыцця аргана канцэрт сыграе мінскі малады музыкант Валер Шмат, кіраўнік арт-групы “Беларусы”. Выступ будзе дабрачынным пры падтрымцы адной з праектных арганізацый горада.

У планах ладзіць арганныя канцэрты прынамсі раз на месяц, і усе бясплатныя. Зараз перамовы вядуцца з прадстаўнікамі іншых краін – Германіі Вялікабрытаніі, Фінляндыі, Швецыі. Чакаецца, што замежныя музыканты наведаюць Гродна яшчэ сёлета. А ўжо ў сярэдзіне ліпеня гарадзенцаў сваім выкананнем пацешыць арганіст з Пецярбурга. Налета ж пастар Уладзімір хоча арганізаваць ў кірсе міжнародны фестываль арганнай музыкі.

Цяпер кірха не выкарыстоўваецца ў поўні, але пастар Уладзімір імкнецца прыстасаваць яе не толькі да рэлігійных, але і да культурных патрэбаў. Сярод задумак – выступлення спевакоў, класічных ды оперных. Дарэчы, у кірсе ёсць свой арганіст, які акампануе падчас нядзельных богаслужэнняў, аднак ён не прафесіянал.
Нагадаем, адкрыццё аргана адбылося 7 чэрвеня падчас фестывалю нацыянальных культур. Першым на новым музычным інструменце пашчасціла сыграць арганісту Бруна Цярмёну з Фарнага касцёла, дзе знаходзіцца самы стары гарадзенскі арган.