Міжнародны фестываль дакументальнага кіно DOCU DAYS UA ў Гродна

Лепшыя фільмы фестывалю дакументальнага кіно пра правы чалавека DOCU DAYS пакажуць 10 – 11 чэрвеня  у кiнзале Генеральнага консульства РП у Гродна на вуліцы Будзёнага, 48а.

Як раcказала каардынатар фестывалю Крысціна Марчук, традыцыйна DOCU DAYS UA адбываецца ў апошні тыдзень сакавіка ў кіеўскім Доме кіно. Пасля фільмы вандруюць па іншых гарадах Украіны. DOCU DAYS UA прыедзе ў Гродна ўпершыню, уваход свабодны.

Гісторыя DOCU DAYS UA налічвае 10 год. Ад 2006 году фестываль – член Сеткі фестывалей пра правы чалавека Human Rights Film Network (HRFN).

10 чэрвеня:

18.30 – “Цвярдыня”

Клара Тасоўская, Лукаш Кокаш

2012, Чэхія, 70′

Уявіце сабе месца, дзе час быццам бы спыніўся і жыццё застыла ў вечным падабенстве  Савецкага Саюза. Людзі тут неяк звыкліся з панаваннем тайнай паліцыі і зжыліся са страхам, што за імі заўжды сочаць. Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка. Прапаганда рэжыму прэзідэнта Ігара Смірнова ў савецкім стылі пераўтварыла большасць жыхароў рэспублікі ў простых рабочых. Смірноў кіруе гэтай неіснуючай краінай ужо больш за 20 год. Фільм звяртае ўвагу на некалькі характэрных рыс гэтай геапалітычнай прорвы  паміж Еўрапейскім Саюзам і Расіяй, паміж мінулым і будучыняй, злачыннасцю і дабрадзейнасцю, заняпадам і надзеяй на будучыню. Дзеянне фільма разгортваецца пад час прэзідэнцкіх выбараў. Рэжысёры аналізуюць “неіснуючую дзяржаву” і правілы жыцця ў ёй.

20.00 – “Апошні лімузін”

Дар’я Хлёсткіна

2014, Расія, 73’

Міхаіл, Андрэй, Ніна, Уладзімір, Надзея і Людміла – пяцёра працаўнікоў калісьці магутнага аўтамабільнага завода ЗІЛ. Яны займалі розныя пасады – ад начальнікаў ды інжынераў да майстроў і рознарабочых – і з болем успрымаюць жалосны заняпад прадпрыемства, намагаючыся выстаяць дзякуючы свайму прафесіяналізму ва ўмовах, калі ўсё навокал нішчыцца. Раптоўна завод атрымлівае замову на выраб трох легендарных лімузінаў ручной зборкі. Гэтыя аўтамабілі калісьці былі адным з галоўных сімвалаў вайсковых парадаў арміі Савецкага Саюза на Чырвонай плошчы ў Маскве. Міхаіл разам са сваёй камандай спецыялістаў з энтузіязмам бярэцца за справу і радуецца магчымасці паказаць, на што яны вартыя…

11 чэрвеня:

18.00 – “Капітан і яго пірат”

Эндзі Вольф

2012, Бельгія, Нямеччына, 84’

Кшыштаф Кацюк, капітан грузавога судна Hansa Stavanger, цягам чатырох месяцаў у 2009 годзе быў закладнікам самалійскіх піратаў. Рэжысёр Эндзі Вольф суправаджае капітана пад час курса псіхатэрапіі, накіраванага на прымірэнне з перажытым. Агада, капітан пірацкага судна, не патрабуе псіхатэрапіі. Ён атрымаў амаль трохмільённы выкуп і не страціў павагі сваіх паплечнікаў.Парадокс, але гэтых двух мужчын аб’ядноўвае ўзаемапавага, народжаная пад час выкрадання. Фільм знаёміць нас з двума супрацьлеглымі сусветамі, дае ўнікальныя сведчанні асноўных удзельнікаў падзей і выкрывае малавядомыя таямніцы міжнароднага гандлю.

19.40 – “Палымяныя галасы”

Ноа Левін

2012, Ізраіль, 14’

17-гадовы Срулік – ізраільцянін эфіопскага паходжання, выкінуты сістэмай адукацыі. Ён працуе прыбіральшчыкам і піша песні – марыць стаць вядомым рэперам. Тэксты песняў ягонага гурта “Палымяныя галасы”  — гэта гісторыі пра моладзь з мікрараёну ў невялікім мястэчку Гадэра, аповяды пра іх жыццё і мары. Калі эфіопы пачынаюць выступаць супраць пашырэння расізму, хлопец пераўтварае свае пачуцці ў словы песні і становіцца голасам пратэсту.

20.15 – “Зняволеныя”

Ліат Мер

2013, Ізраіль, 56’

Падзеі фільма адбываюцца ў жаночай турме “Нэвэ Цірца”, якая знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Ізраіля. Вачыма трох гераінь – яўрэйкi, мусульманкі і хрысціянкі – гледачы назіраюць двухгадовую гісторыю адносін сукамерніц, а таксама стасункі жанчын і турэмнай аховы. Гэтыя жанчыны адгароджаны і закрыты ад грамадства і ад саміх сябе.