На фестывалі ў нацыянальныя строі апрануліся нават сабачкі

У фестывалі нацыянальных культур прынялі ўдзел не толькі мужчыны, жанчыны і дзеці, але і… сабачкі ў народных строях. Паказ мод прайшоў у парку Жылібера.

Каля сцэны ў гарадскім парку прадэфіліравалі пятнаццаць сабачак-кампаньёнаў, іншымі словамі маленькіх ручных сабачак: рускія тоі, чыхуахуа, ёркшырскія тэр’еры, памеранскія шпіцы. Яны былі апранутыя ў нацыянальныя беларускі, украінскі, літоўскі, латышскі, рускі, таджыкскі, габрэйскі, нямецкі, грузінскі і цыганскі строі і хадзілі па сцэне пад музыку гэтых народаў.

Напрыклад, Алена прывяла на фэшн-шоу двух сабачак: двухгадовы памеранскі шпіц Жужа была апранутая ва ўкраінскую сукенку з фартухам, а трохгадовы рускі той Лакі – ва ўкраінскія шаравары ды кашулю. А дзяўчынка Ганна дапамагала дэманстраваць таджыкскае народнае адзенне дзвюм маленькім сяброўкам Лорыку і Феі. Пяцігадовы той-тэр’ер Эня-Чаравашка выступала ў цыганскім убранні разам са сваёй гаспадыняй Палінай.

Як распавяла кіраўнік арганізацыі “Фасоншоу” Надзея Чарнецкая, пры падрыхтоўцы моднага паказу раіліся з прадстаўнікамі дыяспар адносна элементаў вопраткі і музыкі, па якой можна было б пазнаць краіну. Адзенне распрацоўвалі па здымках з мінулых фестываляў. Падрыхтоўка заняла паўтара месяцы. Якія народнасці прадстаўляць, адбіралі па прынцыпе пазнавальнасці: каб большасць гледачоў змагла адрозніць, якой краіне належыць той ці іншы строй.