Двухметровыя Маша і Мядзведзь павесяліліся ў Гродне

Амаль гадзіну змаглі пратрымаць увагу самых маленькіх гледачоў раставыя лялькі з Дзятлава. Спектакль ладзіўся на сцэне ў парку Жылібера у межах фестываля нацыянальных культур.

Малышы былі ў захапленні ад вялізных пузатых лялек, якія да таго ж размаўлялі, рухаліся і спявалі. Тэатр пры Дзятлаўскім раённым доме культуры прадставіў сваё бачанне прыгодаў палахлівага Мядзведзя і капрызнай Машы. Разам з імі на сцэне з’явіліся Трус, Вавёрка, Ліса, Тыгр ды іншыя мульцяшныя героі.

Пад бадзёрую музыку лялькі вучылі дзетак рабіць гімнастыку, вадзіць карагоды, гаварыць лічылкі. Гледачы падымалі разам ручкі, пляскалі ў далоні, паварочваліся вакол сябе ды проста танцавалі. Маладыя маці цешыліся разам з малымі.