Дзе вы, эксплуататары?

Было калісьці у нас многа таго, чаго цяпер няма — і чыстыя рэкі, і векавыя дубовыя бары, і шматлікія зьвяры ў іх вяліся, і пярэхадні розныя і цікавыя хадзілі і ездзілі па шляхах і дарогах…Было многа чаго, як старыя людзі кажуць, а цяпер няма… 

Было калісьці у нас многа таго, чаго цяпер няма — і чыстыя рэкі, і векавыя дубовыя бары, і шматлікія зьвяры ў іх вяліся, і пярэхадні розныя і цікавыя хадзілі і ездзілі па шляхах і дарогах…Было многа чаго, як старыя людзі кажуць, а цяпер няма…

А самае галоўнае, няма ў нас цяпер сапраўдных паноў даўнейшага хову, такіх… словам, сапраўдных. Нібы з класічнага малявідла сыйшоўшых, з арлінымі насамі, з доўгім вусам, з бізуном у руцэ!

Радзівілаў няма, і Пацаў няма, і Гаштальдаў няма, і Браніцкіх няма, і паменшых паноў, пасціплейшых, кшталту Андрайковічаў ці Казлоўскіх, ці Наркевічаў, таксама няма. Радыя бы нікаторыя іх вярнуць, ды не вернеш — вывеліся паны ў корань, прапалі як грамадская з’ява і як сацыяльны клас. І вось з якое прычыны…

З панамі і панкамі наш народ у большай меры разлічыўся, на Ўсходзе пачынаючы, з 1917 па 1920 год, палячы іхнія палацы і бібліятэкі, забіраючы скаціну з хлявоў і коней са стайняў, а самых паноў пускаючы ў расход за гэтымі ж самымі хлявамі і стайнямі.

Часы такія тады былі: хто што хацеў, той тое і рабіў, а што бедныя заўсёды не любілі багатых і помсцілі ім пры першай жа магчымасці — з’ява распаўсюджаная, заўсёды так у сьвеце было! Так што усходнія паны атрымалі па поўнай самыя першыя…

Тутэйшыя, нашыя то быць, заходнія паны, муселі пачакаць на крывавую заплату яшчэ дваццаць гадоў, але паколькі былі непразарлівыя і недальнабачныя, то не збіраліся пакаваць манаткі, і так іх голымі рукамі Саветы-вызваліцелі ў 1939 годзе і пабралі, таксама ні з кім не цырымоніліся — паехалі бедныя паны хто ў цялячых вагонах ў Сібір, а хто на станцыю Гнездава пад Смаленск…

Панскі інвентар паспяхова быў апісаны і здадзены ў калгас, з палацыкаў парабіліся бальніцы, пошты, дамы культуры агульнага ўжытку, гэта з тых палацаў ці палацыкаў, каторыя не спаленыя былі ці не разбураныя гнеўнымі мазолістымі рукамі бедных і бяднейшых працоўных

Нікаторыя паны, праўда, спрабавалі вярнуцца ў родныя маёнткі праз два гады з немцамі, але па праўдзе сказаць, вяртацца не было ўва што — маёнткі тыя больш надаваліся на хлявы ці прытулкі для жабракоў. Так што, ўбачыўшы, ва што пераўтварыліся іхнія радовыя гнёзды, паны пушчалі з вока скупую сьлязу і па-ціхаму прападалі ў завірусе гістарычных падзеяў. І так прапалі ўсе да апошняга! Але памяць пра іх нейкім чынам захоўвалася сярод людзей як простых, так і крышку складанейшых. Паны прапалі, а памяць пра іх — не!

Надыйшлі часы незалежнасці. Усё ў нашым краі стала як мае быць — і ўлада свая, і сцяг, і герб, і начальнікі свае, вось толькі сапраўдных паноў, як у іншых нікаторых дзяржавах, Англіі ці Партугаліі, не было. Былі тыя, каторыя накраліся, парабіліся заможнымі і думалі, што з багаццем і шляхецтва аўтаматычна прыдбаецца, але грошы іх панамі не парабілі!

«З хама пан — як з г….на куля», прыгаворвалі так людзі разумныя!

Пачаў наш народ сумаваць і тужыць па сваіх колішніх эксплуататарах, а паколькі памёрлых не ўваскросіш, то хоць бы вербальна і віртуальна павінныя яны навокал прысутнічаць, як сэнтыментальны напамін пра старыя часы!

І пачалося!

Як гарэлка новая — дык абавязкова павінная называцца «Панскі дом» альбо «Графская», як якая каўбаса, ці вяндліна, ці паляндвіца — то «Дворянская», «Барская», «Шляхетская». Што праўда, назва яшчэ не давала гарантыі, нібыта вырабы будуць некае выключнае якасці…

А колькі на ўсёй нашае зямельцы раптам паўстала «панскіх маёнткаў» — і пад сталіцаю, і на Ўсходзе, і на Захадзе!

Недасьведчаны экскурсант, праўда, захоплены агульным выглядам такое будыніны, не можа ведаць, што баляваць ён будзе ў адноўленым памяшканні былой кузьні, а спаць у гатэлі, пераробленым з даўняе канюшні. І што той пан, якога з гэтага маёнтка прагналі, ніколі б не аббіў сцены гіпсакартонам, не паставіў бы у ванную самую танную сантэхніку, а дарожкі б высыпаў прыгожым жоўтым жвірам, а не вымасціў вострымі каменнямі з поля…

Таксама загадаў бы выкасіць увосень розную дрэнь каля малога ручая і пазбіраць пластыкавыя бутэлькі!

Паны нашыя на тое і лічыліся панамі, бо былі дасканала адукаваныя і ў вялікіх рэчах, і ў дробных!

Так што можа трэба клікнуць па белым сьвеце кліч, і калі які наш ацалелы панок пачуе, то хай прыедзе і павучыць жадаючых на адмысловых занятках, як можна зрабіцца панам, што для гэтага трэба мець і чым кіравацца.

Думаю, жадаючых будзе дастаткова, аж занадта!