Рэпартаж з Майдана: што адбываецца зараз у цэнтры Кіева

Гарачыя падзеі з цэнтра Кіева перамясціліся на Усход Украіны. Але Майдан, з якога ўсё пачалося, будзе стаяць ажно да 25 мая. Мы ўбачылі, што зараз адбываецца ў адпраўным пункце ўкраінскіх жарсцяў.

 

“Не підведемо Небесну сотню!!!”

Майдан і прылягаючыя вуліцы нагадваюць аб сутычках, перастрэлках і памерлых людзях. Але чуваць жыццё. Хрышчацік сустракае турыстаў канструкцыямі з апонаў ды кветак на ўшанаванне загінулых. Побач стаіць плакат: “Не підведемо Небесну сотню!!!” Каля яго хлопцы год па дваццаць падтрымліюваць агонь у імправізаванай печцы-бочцы.

“Вось у мяне якія ўжо рукі ад копаці”, — маладзён паказвае свае чорныя, нібы тыдзень не мытыя рукі. Ён у занадта вялікай для сябе целагрэйцы, а ў вуху блішчыць завушніца. Яны будуць тут аж да выбараў. Навошта? Каб усе ведалі, што яны ёсць і па-ранейшаму адстойваюць сваёй прысутнасцю тое, дзеля чаго людзі выйшлі на Майдан.

 

Выкрываюць шпіёнаў…

На працягу вуліц стаяць асобныя жылыя астраўкі з палаткамі, патрэбнай мэбляй, каб было, дзе сесці, прыгатаваць і з’есці абед. На невялічкай сцэне дзяўчына спявае ўкраінскія песні.

— А што гэта за шпіёнкі? — старэйшы мужчына ў камуфляжы рэзка рэагуе на фотаапараты і рускую мову. Але пачуўшы беларускую гаворку, пагаджаецца паразмаўляць. Сваё заданне ён бачыць у тым, каб выкрываць і здаваць у міліцыю шпіёнаў, лавіць цітушак ды бандытаў. “А іх адразу бачна”, — глядзіць ён на мяне спадылба, стрымана, ледзь усміхаючыся. Выдаваць сакрэты сваёй працы мужчына не мае намеру.

“А ім дык выдалі форму адразу новенькую. Не тое, што нам. Я вось у гэтым увесь час хаджу”, – напарнік скардзіцца на няроўнасць паміж імі і нейкімі іншымі майданаўцамі, якія тут нібы працуюць, але насамрэч мала што рэальнага робяць. Сам ён і сапраўды апрануты ў строй з рознакаляровай кашулі, старой шапкі ды выцертых сподняў. “Спім мы вось у тым доме, — мужчына паказвае на шматпавярховы адміністрацыйны будынак непадалёк, — а часам і тут, на вуліцы”. Паводле самаабаронцаў, харчуюцца яны з ахвяраванняў насельніцтва. Што праўда, зараз менш падтрымліваюць, чым зімой.

 

… і зарабляюць грошы

Туды-сюды ходзяць людзі ў камуфляжы. Кудысьці спяшаюцца дзве зусім маладыя дзяўчыны ў бярэтах. Ніадкуль пасярод вуліцы сабралася сходка з чалавек дзесяці – усе ў форме. Параіліся некалькі хвілін і гэтак жа хутка разыйшліся.

Пакуль адныя настроеныя ваяўніча, іншыя развярнулі поруч гандаль. Значкі “Слава Україні!”, “Героям слава!”, “Еўрамайдан-2014”, жоўта-блакітныя сцяжкі, дзявочыя вянкі са стужкамі нацыянальнага колеру… “Я стаяў на Майдане, але зараз трэба грошы зарабляць, вось прадаю”, — тлумачыць маладзён Саша.

 

Апоны, плітка, смецце ды кветкі

Асноўныя дэкарацыі гэтага ўжо гістарычнага месца – стосы знятай пліткі ды груды апонаў, дзе-нідзе памаляваныя ў жоўта-блакіт. Перад Вялікаднём хлопцы вырашылі навесці парадак ды паскладаць плітку. Атрымалася чарговая абарончая крэпасць. Але парадак тут умоўны. Месцамі цэлыя горы смецця, у якім часам ёсць толькі вузкія праходы для гараджан. Але таму, хто бачыць Кіеў упершыню, і смецце, і апоны, і абпалены дом прафсаюзаў могуць падацца існуючым тут ад пачатку гарманічным відовішчам. Паўсюль безліч жывых кветак, знічаў, стэндаў памяці, здымкаў загінулых… Чыясьці кепка, дзіравы шчыт, шмат крыжоў. Палітычныя шаржы, гарэлая машына… На самым Майдане па-ранейшаму стаіць навагодняя “елка” з плакатамі замест галінак. Месца нагадвае музей — музей дзіўны і сумны.

А вось і экскурсавод з Ірландыі. Ён вывучае шлях, якім будзе вадзіць турыстаў. “Цяпер гэта ўжо частка культурнага і сацыяльнага жыцця ўкраінцаў, — гаворыць ён. – Але калі б у нас міліцыя пачала страляць па сваіх людзях, яе б забілі”. Праз колькі крокаў ізноў англійская гаворка. Гэта журналісты з Аўстрыі, яны таксама прыехалі паглядзець на тое, як зараз жыве Майдан.

Адной гадзіны мала, каб прайсці ад Еўрапейскай плошчы да былога помніка Леніну, хоць гэта кароткая дыстанцыя. І ўражанне ад гэтага раёна супярэчлівае – тут суіснуюць людзі з рознымі мэтамі, з розных куткоў Украіны і свету. Тут кветкі ляжаць побач са смеццем, а ваенная тэхніка стаіць побач з машынай-кавярняй. Тут змагаюцца, спяваюць і жывуць сваім жыццём за тых, хто застаўся толькі на фота.

 

Чытайце таксама:

Пляжны баявік: як журналістка ВГ трапіла на ўкраінскі курорт