Гісторыкі прапануюць палічыць у старым Гродне ўсе печкі, вокны і дзверы

Гісторыкі прапаноўваюць скласці падрабязны спіс каштоўных дэталяў гістарычных будынкаў у цэнтры горада — ад вокнаў да кафляных печак. Па іх меркаванню, гэта дапаможа захаваць гістарычную спадчыну Гродна ад перабудовы.

Фота Вiталя Дзярнейкi

 

Дом пад аховай, а дзверы — не

Каб захаваць арыгінальныя вокны ці дзверы, трэба, каб яны асобна былі ўнесеныя ў спіс як самастойныя каштоўнасці нароўні з цэлымі дамамі, тлумачыць гісторык Андрэй Вашкевіч. Таму ён прапануе правесці інвентарызацыю каштоўнай сталяркі (дзвераў, вокнаў), чыгунных літых і каваных дэталяў (балконных агароджаў, аздабленняў ганкаў), ляпніны, кафляных печак, каб занатаваць іх у спісе гісторыка-культурнай спадчыны.

Цяпер спіс гісторыка-культурнай спадчыны складаецца пераважна з дамоў ці нават цэлых забудоваў (кварталаў). Толькі ў чатырох пабудовах падрабязна прапісыныя асаблівасці як самастойныя каштоўнасці. Тут пашчасціла гадзінніку ды інтэр’еру Фары, убранню Каложы, дэкору і адным дзвярам кляштара бернардзінцаў, алтарам і амбону францысканскага кляштара. Астатнія ж гарадскія дэталі — рэдкія кафляныя печкі, разныя драўляныя ці металічныя парэнчы, агароджы гаўбцоў, іншая сталярка — такім прывілеем на асаблівую ахову не карыстаюцца.

Вокны і дзверы ўжо палічылі

Але інвентарызацыя ўжо праводзілася, і спіс сфармаваны, таму іншай не прадбачыцца, як паведаміў загадчык упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

Каштоўных жа дэталяў у горадзе больш, чым у гэтых чатырох рэлігійных пабудовах, упэўненыя абаронцы спадчыны. Напрыклад, старыя драўляныя дзверы ў Гродна ўжо рэдкасць, бо напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя большасць са старых навесаў ды брам знялі. У 1990 годзе спецыялісты рэстаўрацыйнага бюро пры гарвыканкаме зрабілі спіс аб’ектаў малой пластыкі, былі там і гарадзенскія дзверы. Аднак пасля майстэрню зачынілі, і каталогі зніклі. Сёння падобнага ўліку не вядзецца.

Чым дапаможа пашпарт?

Гісторыкі прапаноўваюць яшчэ адзін спосаб забяспечыць гістарычныя дэталі будынкаў — прапісаць іх падрабязна ў ахоўных забавязальніцтвах. Але як патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Наталля Пасюта, такія дакументы павінны падпісаць усе асобы і арганізацыі напрацягу месяца пасля таго, як атрымаюць ва ўласнасць гісторыка-культурную каштоўнасць ці яе частку — кватэру ці пакой. У гэтай паперы зазначана, як належыць захоўваць дамы. Іх падпісалі ўласнікі ўсіх гістарычных будынкаў — каля 400.

Але ж адсачыць уласнікаў асобных кватэр і пакояў у іх цяжка нават фізічна — адлік ідзе на тысячы, а кантраліруе гэты парадак фактычна адзін спецыяліст. Цікава, што ўласнікі павінны падпісваць забавязальніцтвы, аднак за непадпісанне яны не нясуць ніякай адказнасці. Справа застаецца на сумленні ўласніка. Прымусіць яго да афармлення папераў можа хіба што толькі жаданне продажу, завяшчанне дома або іншыя аперацыi з нерухомасцю.

Адначасова калі ўласнік падпіша, а затым парушыць забавязальніцтвы, то адкажа за гэта. У мінулым годзе, напрыклад, 4 з усіх 14 правапарушэнняў у сферы захавання спадчыны тычыліся менавіта непадпарадкавання ахоўным забавязальнiцтвам, астатнія — парушэння парадку выканання працаў у будынку. Сумы штрафаў у першым выпадку склалі ад аднаго да пяці мільёнаў рублёў.

Ігар Чарняўскі адзначыў, што ўсе нюансы прапісваюцца ў пашпарце будынка. Але ж пашпарт з’яўляецца толькі ўліковым дакументам, які не ацэньвае каштоўнасць элементаў, таму не можа паўплываць на іх захаванне.

А вось старшыня Беларускага дабрачыннага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч упэўнены, што аніякія дакументы ці законы не дапамогуць уратаваць спадчыну, пакуль не зменіцца ўся сістэма стаўлення да яе і пакуль Мінкульт, метадычная рада ды навуковыя кіраўнікі рэстаўрацыі старажытных будынкаў будуць даваць дазвол на змяненне знешняга выгляду фасадаў ды замену аўтэнтыкі на пластык.

Даведка «ВГ»

Гарадзенскія гісторыкі мяркуюць, што да каштоўных дэталяў у старых будынках гістарычнага цэнтра можна аднесці, напрыклад, разныя драўляныя дзверы па адрасах: Замкавая, 12 (дом Лапінера), Гараднічанская, 27, Дзяржынскага, 28 (корпус універсітэта), Кірава, 40 (былая музычная школа), большасць балконаў стогадовай даўніны па вуліцах К. Маркса, Кірава, Гараднічанскай, Савецкай, Замкавай, драўляныя парэнчы на Гараднічанскай, 27, кафляныя печкі ў кватэрах на 11 Ліпеня, 3, драўлянае аздабленне дома па вул. Валковіча, 23, ляпніна на былым рэстаране «Беласток», доме з ліліямі, на Тэльмана, 9, падлога са старажытнай кафлі на Замкавай, 13.
А вось са страчаных ці змененых за мінулы год элементаў можна ўзгадаць балкон на Кірава, 3 (ён знік, але дагэтуль невядома, куды і дзякуючы каму), дзверы, што з’явіліся на месцы вокнаў ці сцяны на Савецкай, 6 (былы Дамініканскі кляштар), Кірава, 4, Кірава, 39, Замкавая, 12, К. Маркса, 30, К. Маркса, 1 («баторыеўка»).

 

Чытайце таксама:

Вандроўка па старым Гродне: мы не здолелі знайсці двух падобных будынкаў