Сотні каталікоў пранеслі крыж па Савецкай плошчы

Па цэнтральнай гарадзенскай плошчы ў шосты раз каталікі прайшлі Крыжовы шлях. На малітву сабралося некалькі сотняў чалавек.

Па цэнтральнай гарадзенскай плошчы ў шосты раз каталікі прайшлі Крыжовы шлях. На малітву сабралося некалькі сотняў чалавек.

Наперадзе моладзь несла крыж, разам з імі ішлі дапаможны ксёндз-біскуп Юзаф Станеўскі, святары з розных парафій і вернікі. Усе праходзілі па 14 традыцыйных прыпынках дарогі Іісуса Хрыста, калі ён нёс крыж на Галгофу: падзенні Хрыста, сустрэчы з Багародзіцай і іншымі людзьмі з натоўпу, укрыжаванне, смерць і пахаванне.

Традыцыйная малітва разважання над цярпеннямі Хрыста сёлета складалася са сведчанняў пэўных людзей аб сваім цяжкім жыцці. Дзяўчына нечакана даведалася пра рак, студэнтка ды будаўнік распавялі аб сваім небагатым жыцці, маці падзялілася тым, як страціла сваё дзіця. Чатырнаццаць гісторый людзей рознага узросту і статусу, людзей з рознымі праблемамі, сярод якіх кожны мог пазнаць сябе са сваімі цяжкасцямі. Гарадзенцы задумваліся, як у складанай штодзённасці жыць верай і заставацца годным чалавекам. Малітва суправаджалася вялікапостнымі спевамі моладзі пад гітару.

Стацыі, як заўсёды, размяшчаліся на Савецкай плошчы паміж Фарным і Пабернардынскім касцёламі. Набажэнства праводзіла моладзь з розных касцёлаў горада. Сярод удзельнікаў былі таксама студэнты з Нігерыі.

 

Чытайце таксама:

Расклад набажэнстваў у праваслаўных храмах Гродна на Вербную нядзелю і Пасху

Гарадзенскія католікі зрабілі да Вялікадня паштоўкі з вершамі беларускіх паэтаў