Гарадзенскі інжэнер распрацуе папяровую складанку Каложы

Вядомыя беларускія замкі гарадзенец пераўтварыў у папяровыя цацкі. Складанкі-макеты разлічаны на школьнікаў, але могуць гуляць і дарослыя. «Пабудаваць» Стары стары замак з паперы можна за некалькі гадзін.

Прэзентацыя папяровых мадэляў замкаў Ігара Адасіка для малодшых школьнікаў прайшла ў цэнтральнай бібліятэцы. Падчас сустрэчы дзеці зрабілі Лідскі замак усім класам.

Зараз у калекцыі дзевяць пабудоваў. Сярод іх Мірскі, Лідскі, Навагрудскі замкі, а таксама гарадзенскі замак Вітаўта. Наступная ў планах — мадэль Каложы, але канструктар яшчэ не вырашыў, якой яе зрабіць — у сучасным ці першапачатковым выглядзе.

Ігар, інжынер сродкаў радыё і тэлебачання, мадэлізмам захапляецца са школы. Ён стварыў ужо каля 400 мадэляў аўтамабіляў з пластыка. Сёння калекцыя знаходзіцца ў бацькоў у Слоніме, бо ў яго кватэры ўжо не змяшчаецца.

— Пасля складаных мадэляў прыйшла думка зрабіць усё наадварот, каб было хутка і эфектыўна, — усміхаецца Ігар.

Так узнікла калекцыя «вясёлых замкаў», як іх называюць Ігар са сваёй жонкай Ксеніяй. Яны распрацоўваюць мадэлі разам. Ігар займаецца макетамі, а Ксенія, гісторык па прафесіі, піша даведку пра іх. Гісторык Дзмітрый Кіенка дапамагае пары распаўсюджваць вынікі працы.

У кожным наборы — макет з падказкамі, інфармацыя пра мінулае пабудовы, а таксама магніцік з выявай замка ці царквы. Дарэчы, сам Ігар можа склеіць прасцейшую мадэль Лідскага замка за паўгадзіны, а на больш складаную Мураванкаўскую царкву пойдзе каля дзвюх гадзін.

Сямігадовая дачка Ігара і Ксеніі Адэліна таксама выразае ды склейвае бацькоўскія распрацоўкі. Але дарослыя прызнаюцца, што яны нават больш загараюцца ад сваёй ідэі, чым дзіця.

У свае трыццаць год Ігар знаходзіць час на яшчэ адну дзейнасць. Ён барабаншчык у гурце, якія грае сярэдневяковую музыку, лацінскую ды беларускі фолк. Рэпетыцыі па тры дні на тыдзень ды канцэрт наперадзе. З гэтым захапленнем звязана і яшчэ адна калекцыя Ігара Адасіка. Ён мае 120 музычных інструментаў, ужо не мадэляў, а самых сапраўдных. Штосьці з іх ён набыў, але многія зрабіў сваімі рукамі.

 

Чытайце таксама: 

Вандроўка па старым Гродне: мы не здолелі знайсці двух падобных будынкаў

Стары замак запрашае на баль

Виктор Шалкевич: «У меня в этой жизни есть, к сожалению, всё!»