Гарадзенцы ажаніліся ў народных строях, якія вышывала нявеста

Усё больш маладых гарадзенцаў хочуць набываць і насіць вопратку з нацыянальным арнаментам. У крамах можна знайсці народныя кашулі, але прадаюцца яны як сувеніры і каштуюць вельмі дорага. Таму тыя, хто прагне апранацца ў народным стылі, ствараюць адзенне самастойна.

Арнамент у массы

Зрабіць вытворчасць сучаснай вопраткі з арнаментам масавай і даступнай хоча студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма Эмілія Комар. Сёлета яна прадставіла свой праект «Насіць і несці беларускасць у кожным дні» на «Кірмашы праектаў». Эмілія хоча разбіць стэрэатып, што арнамент аздабляе выключна строі артыстаў народных ансамбляў ці адзенне ў бабуліных куфарах. Дзяўчына плануе пачаць вытворчасць з баваўняных кашулек з друкаваным арнаментам.

Эмілія атрымлівае падтрымку ад розных людзей: распрацаваць малюнкі дапамагала сяброўка, тэарытычную частку праекту — выкладчыкі ўніверсітэта, нават незнаёмыя людзі прапанавалі дызайнерскую дапамогу. Ёсць і попыт — сябры выказваюць ахвоту замаўляць кашулькі.

Але дзе і якім чынам знайсці грошы на ўвасабленне мары ў жыццё, адкуль браць матэрыял, дзе рабіць друк арнамента, які дакладна будзе асартымент і тыраж прадукцыі?

Сто галубкоў ужо вылецелі ў свет

На ўсе гэтыя пытанні атрымалася адказаць у гарадзенцы Надзеі Крапівінай. Яна разам з мінскім сябрам Міхасём Матусевічам ужо выпусціла першую партыю стылізаваных кашулек. Да Дня закаханых цягам аднаго месяца яны зрабілі парныя цішоткі з выявай галубкоў. Яны імкнуліся зрабіць адзенне з нацыянальнымі элементамі не толькі камфортным, але і даступным. У выніку пара кашулек каштавала каля 350 тысяч рублёў.

Баваўняныя кашулькі набывалі ў мінскага прадпрымальніка. Галубкоў «набівалі» ў мінскай фірме шаўкаграфіяй — гэта лепшы спосаб друку малюнка. Дарэчы, беларускія фабрыкі прапаноўвалі прымальныя кошты толькі пры замове 1000 штук, а сябры разлічвалі ўсяго на сотню маек. На рэалізацыю ідэі пайшло менш за 1000 долараў. Дзеля выпуску цішотак Міхась стаў індывідуальным прадпрымальнікам. Зараз гандлююць праз інтэрнэт і прыватныя малыя крамы. Большую частку кашулек раскупілі за два тыдні. Цішоткі замовілі нават з Варшавы.

Этнастыль сваімі рукамі

Малады гарадзенскі дызайнер Наста Янкоўская цікавіцца беларускай этнаграфіяй і сама вышыла вопратку арнаментам. Першай была даволі простая па ўзоры кашуля для святкавання Купалля, якую дзяўчына адолела за месяц. Вясельныя строі для сябе і мужа, больш складаныя па семантыцы і выкананні, яна вышывала тры месяцы.

Цяпер Наста хоча зрабіць стылізаваную вопратку для штодзённага жыцця, каб апранаць яе у госці ці на працу. Такая кашуля была б больш сучаснай па кроі і зручнай па матэрыяле (не з традыцыйнага лёну), але вышываная рукамі.

Культура на продаж

Гаспадыня галерэі рамёстваў «Ткалля» Яўгенія Станіна мяркуе, што масавай вытворчасць нацыянальнага адзення не будзе, ды шырокага попыту таксама не знойдзе. Яна не супраць вытворчасці маладзёжных маечак з элементамі «беларускасці», калі гэта будзе зроблена прафесійна: дызайнер прадумае ўсе элементы адзення, захавае сімволіку арнамента, размесціць яго там, дзе ён павінен быць па традыцыі. Але спецыяліст падкрэслівае, што гэта два зусім розныя накірункі — нацыянальны строй і стылізаваная вопратка.

Маштабнага распаў-сюджвання нацыяналь-ных строяў і сучаснага стылізаванага адзення пакуль у Гродне няма. І невялікія спробы ўпрыгожваць кашулькі ці спадніцы нацыянальнымі арнаментамі — гэта толькi кропля ў моры. Аматары нацыянальнага стылю упэўнены, што калі такая вопратка з’явіцца ў крамах, пакупнік абавязкова знойдзецца. Напрыклад, Эмілія Комар задала 263 студэнтам і выкладчыкам пытанне: «Ці насілі б вы сучаснае моднае адзенне з беларускім арнаментам?» Станоўча адказалі 68% з іх.

 

Чытайце таксама:

Гарадзенскія закаханыя засталіся без камня для пацалункаў

Аўтэнтычныя строі для музея зробяць у «Ткаллі»

«Гэта круцей, чым рыбалка»: гарадзенец сабраў калекцыю старажытных прасаў з усяго свету