Макс Корж зняў відэа пра індыйскія трушчобы

Макс Корж прадставіў новае відэа «Стань», знятае ў Індыі. Спявак планаваў зняць танец з дзяўчынай, але атрымалася відэа пра індыйскія трушчобы, піша Еўрарадыё.

У сацсетках музыка напісаў, што ўбачыўшы сапраўдную Індыю, змяніў планы. І замест прыгожай дзяўчыны вырашыў паказаць жыццё, якое убачыў, і якое яго шакавала.

Макс Корж апынуўся ў такіх месцах, дзе не мусіў апынуцца ніколі — у трушчобах, з бруднымі смярдзючымі поўнымі смецця вулачкамі: «Горад, дзе з усіх бакоў даносяцца крыкі рэлігійных фанатыкаў у гукаўзмацняльнікі, і не складана здагадацца пра што, а ўвечары каменданцкая гадзіна. Я убачыў, як жывуць індусы, мусульмане. Я ўбачыў на свае вочы тое, што бачыў, хутчэй, у навінах, чым у фільмах, і афігеў: пры ўсёй гэтай жорсткасці людзі на пазітыве, ніхто не грузіцца, у корках не выбягае біцца, ніхто не помсціць на вуліцах. Я не мог зразумець як у гэтым, на выгляд, дне можа быць так спакойна і мірна, і да гэтага часу не разумею. Мы атрымалі поспех у побыце, але страцілі ўсмешку. А яны ўсміхаюцца, прычым усюды».

Корж заклікае ўсіх наведаць не толькі Гоа, Тайланд і Заходнюю Еўропу, але і бедныя краіны. На думку музыкі, убачанае можа аблегчыць жыццё ў гэтым няпростым свеце.

Нагадаем, Макс Корж планаваў зладзіць карнцэрт у Гродне 15 сакавіка, але выступленне перанеслі на красавік. 10 мая папулярны спявак выступіць у Мінскім футбольным манежы.

)