Понедельник, 9 декабря
  • Погода в Гродно
  • 6
  • EUR2,3479
  • USD2,1154
  • RUB (100)3,3195
TOP

«Гэта круцей, чым рыбалка»: гарадзенец сабраў калекцыю старажытных прасаў з усяго свету

Старыя прасы з Індыі, Кітая, Амерыкі і Еўропы сабраў гарадзенскі калекцыянер Алег Ёрш. Аўтарская выстава «Гісторыя аднаго парахода» пачала працаваць у музеі гісторыі рэлігіі.

Аўтар выставы расказаў, што тут можна ўбачыць прасы ХVII стагоддзя, якiя працавалі на вуглях, паравыя, спіртавыя, газавыя прасы ХХ стагоддзя. Ёсць тут і зусім «сучасны» вугальны прас, які “Лідсельмаш” выпусціў у 1974 годзе, і бесправадны 1991 года. Цікава, што дагэтуль частку экспанатаў можна ўжываць па прызначэнні.

Выстава ўнікальная тым, што экспанаты існуюць у адзінкавай колькасці, а такі маштабны вернісаж адкрыўся ў Беларусі ўпершыню.

— Першы прас я набыў недзе напачатку 2000-х гадоў. Нават ужо не змагу ўзгадаць, калі дакладна. Тады я ўбачыў у калегі, настаўніка гісторыі, які меў свой музей старажытных рэчаў, вельмі стары прас. Ён тады сказаў мне: «Гэта круцей, чым рыбалка», — распавядае пра пачатак калекцыянiравання Алег Мікалаевіч.

Зараз яго калекцыя налічвае больш за 400 экспанатаў. У зале музея змясцілася каля 250. Раней папаўняў калекцыю праз рынкі, адмысловыя клубы, зараз часцей з дапамогай інтэрнэта. «Добры прас можна і паўгады чакаць», — упэўнены калекцыянер. Прасы ён не толькі збірае, але і дорыць. Усе знаёмыя маюць ад яго такі рарытэтны падарунак.

Прасы ў Алега Ёрша захоўваюцца ў асобным памяшканні. Галоўнае — гэта сухія ўмовы, бо прасы вельмі баяццца вільгаці. Тут Алег іх аднаўляе, апрацоўвае і марыць пра стварэнне адмысловага музея. Пакуль што паглядзець на калекцыю прыходзяць у прыватным парадку толькі асобныя людзі, калекцыянеры. Выстава «Гісторыя аднаго парахода» — асаблівая магчымасць убачыць рэдкую калекцыю. Яна будзе дзейнічаць да 3 красавіка.

Самое читаемое