У Мінску развіталіся з Рыгорам Барадуліным (фота)

Людзі з кветкамі зранку ішлі развітацца з Рыгорам Барадуліным у Чырвоны касцёл у Мінску.

Правадзіць дзядзьку Рыгора прыходзілі ў ціхай малітве ды пад гукі аргана грамадскія дзеячы, паэты, моладзь і старэйшыя. Сябры чыталі вершы паэта. За душу памерлага ўніята маліліся ў двух абрадах — грэка- і рыма-каталіцкім. Св. імшу ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Труну з целам Рыгора Барадуліна павезлі пахаваць у родныя Ушачы на Віцебшчыне.

Нагадаем, што народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін памёр увечары 2 сакавіка пасля працяглай хваробы ва ўзросце 79 год.

Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Працаваў рэдактарам у газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», у кніжных выдавецтвах. Пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Яна Паўла II «Рымскі трыпціх» і асабіста сустракаўся з пантыфікам у 2004 годзе.

Вершы Рыгора Барадуліна перакладзеныя на 40 моваў, а сам ён перакладаў сусветныя творы на беларускую. Выйшла больш за 70 яго паэтычных зборнікаў, каля 30 зборнікаў перакладаў, крытычных артыкулаў і нарысаў.

Рыгор Барадулін апошні беларус, які атрымаў званне Народнага паэта ў 1992 годзе. У 2006 годзе ён быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты», але так яе і не атрымаў.

 Не знелюдзець…

Не знелюбець сабе самому.

Ў людскім віры не знелюдзець.

Сваю спакойна несці стому

І мову зла не разумець.

Яшчэ пачуць,

Яшчэ пабачыць

Хоць нешта ў зманлівым жыцці.

І за дабро дабром аддзячыць.

І ціха-ціха адысці…

 

16 ліпеня 2006 года