Рыгора Барадуліна звязвалі з Гродна жонка ды сябар

Увечары 2 сакавіка на 80-м гады жыцця памёр народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Хоць ён нарадзіўся на Віцебшчыне, а жыў у Мінску, лёс яго быў звязаны і з Гродна — праз жонку ды блізкага сябра Васіля Быкава.

Рыгор Барадулін з Данутай Бічэль у Гродне, 2005 год (з кнігі Дануты Бічэль Хадзі на мой голас)

Нядаўна дзядька Рыгор, як называлі яго блізкія людзі, ляжаў у шпіталі з хваробай сэрца. Але памёр ён нечакана, працаваў да апошняга і яшчэ днём у нядзелю пісаў новы верш. Развітаюцца з вялікім паэтам у Чырвоным касцёле ў Мінску 4 сакавіка. А пахаваюць на могілках у роднай Ушачы. Гэтым летам яны разам з жонкай ды ўнучкай Дамінікай збіраліся наведаць радзіму Рыгора Іванавіча. Але дзядзька Рыгор паедзе раней, на самым пачатку вясны.

Гарадзенская паэтка Данута Бічэль распавяла, што Рыгор Барадулін быў блізкі і да Гродна. Яго жонка Валянціна паходзіць з нашага горада. Праўда, сустрэліся яны ў Мінску ў студэнцкі час. Паэт прыязджаў у Гродна і да свайго сябра Васіля Быкава, які трыццаць год жыў тут. Рыгор Барадулін дапамагаў рэдагаваць другую кнігу Дануты Бічэль «Нёман ідзе».

Рыгор Барадулін (другі злева) ў гарадзенскім парку Жылібера разам з Юрыем Голубам, Аляксеем Карпюком, Уладзімірам Бутрамеевым. (з кнігі Аляксея Карпюка «Развітанне з ілюзіяй)

 

«Ён значны ад пачатку і да канца, — выказалася Данута Бічэль. — Ён адразу стаў класікам — пасля выдання першага свайго зборніка «Маладзік над стэпам». Пасля Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча ён, хіба, самы вялікі талент Беларусі апошняга часу. Але гэта не апошні беларускі паэт. І сёння ёсць шмат маладых талентаў».

Краязнаўца Алесь Госцеў расказаў, што ў гарадзенскім музеі Васіля Быкава ёсць месца і для аднаго з яго лепшых сяброў Рыгора Барадуліна. «Рыгор Барадулін — зорка не тое што першай, а нават нулявой вялічыні», — так акрэсліў яго Алесь Госцеў, які захапляецца і астраноміяй.

Рыгор Барадулін верыў у Бога, па веравызнанні быў уніятам. У народзе ёсць такое меркаванне, што дата, калі чалавек адыходзіць з гэтага свету, мае свой сэнс. Кажуць, што добрыя людзі часта паміраюць у нейкія значныя дні. Вось і дзядзька Рыгор памёр у адметны дзень — у Даравальную нядзелю перад пачаткам Вялікага паста.

Вершы Рыгора Барадуліна і сёння ўваходзяць у школьную праграму. Школьнікі вучаць на памяць «Бацьку», «Мы — беларусы», «Трэба дома бываць часцей».

 

Даведка «ВГ»

Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і рабочага. Працаваў рэдактарам у газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», у кніжных выдавецтвах. Пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Яна Паўла II «Рымскі трыпціх» і асабіста сустракаўся з пантыфікам у 2004 годзе.

Вершы Рыгора Барадуліна перакладзеныя на 40 моваў, а сам ён перакладаў сусветныя творы на беларускую. Выйшла больш за 70 яго паэтычных зборнікаў, каля 30 зборнікаў перакладаў, крытычных артыкулаў і нарысаў.

Рыгор Барадулін — апошні беларус, які атрымаў званне Народнага паэта ў 1992 годзе. У 2006 годзе ён быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты», але так яе і не атрымаў.

 

Мы — беларусы

Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы,
Мы, беларусы,
Мы — народ такі.
Ахвотна забываем, што мы,
Хто мы.
Згадаюць
Нашай памяці вякі!

Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,
Саміх сябе хваліць нам не з рукі.
Хай слабакі
Аж падаюць ад стомы,
На плечы ўзяўшы
Пыхі мех цяжкі.

Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі.
I госць, і падарожны ў нас
Як дома.
А злым і травы колюцца ў бакі.

Гатовы ўсё аддаць —
I тым багаты,
Мы, беларусы,
Мы — народ такі.
Што з краю небяспекі нашы хаты.
Пра гэта
Не забудуць чужакі!