Чаму на Фару не вярнулі анёла?

Аб лёсе анёла-флюгера з Фарнага касцёла ўзгадалі нашы чытачы. Фігуру дэмантавалі ў 2009 годзе, як тады казалі, часова. Аднак праз пяць гадоў яе так і няма.

Фота Вiталя Дзярнейкi

Куды знік адзін з анёлаў і калі вернецца, мы даведаліся ў пробашча Фары ксяндза Яна Кучынскага.

Паводле кс. Яна Кучынскага, анёла знялі з-за аварыйнага стану. У касцёл патэлефанаваў парафіянін і паведаміў, што фігура ледзь трымаецца ўгары. Тады выклікалі супрацоўнікаў МНС і альпініста. Анёл выконваў ролю флюгера, і з-за кручэння мацаванне працерлася, а сам ён ледзь не сарваўся з даху. Фігуру адрэстаўравалі, цяпер яна адноўленая знаходзіцца ў майстэрні касцёла. 

     

16 лютага 2009 года. З Фары дэмантуюць анёла. Фота Леаніда Шчаглова

 

Кс. Ян патлумачыў, чаму выяву духа не спяшаюцца вяртаць на месца.

Па-першае, пара анёлаў не традыцыйная для Фары. Яна з’явілася на званіцы не так даўно – прыкладна ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. “Ніхто тады не задаўся пытаннем, а ці гэта згодна з канонамі – вешаць туды анёлаў. Дзе вы ў свеце бачылі базыліку з анёлкамі пад крыжамі?” — пытаецца святар. Кс. Ян не мяркуе неабходным і вартым вяртаць анёлка на званіцу. Ён прызнаецца, што хацеў зняць адразу і другога анёла, але ж той быў добра прымацаваны, таму яго пакінулі.

Па-другое, каб замацаваць анёла на званіцу, будзе патрэбна вялікая сума. Трэба выклікаць “вышку” МНС. Яе вышыня 54 метры, а званіцы дасягаюць 65 метраў. Адсюль вынікае, што ўгары трэба ставіць яшчэ лесвіцу, ды замаўляць паслугі альпініста. Замовіць толькі пад’ёмнік МНС сёлета каштуе каля 900 тысяч рублёў за гадзіну.

Дарэчы, фігуры анёлаў зробленыя са звычайнай бляхі. Іх вышыня каля 120 см. Пабачыць, як выглядаюць верхнія анёлы ў прыбліжэнні цяпер можна ля цэнтральнага ўваходу ў касцёл. Там замацаваныя сілуэты нябесных духаў, якія свецяцца ў вечаровы час. Яны амаль паўтараюць па форме і памеры флюгеры.

 

Чытайце таксама:

С гродненского Иисуса в Фарном костеле сняли четыре слоя краски и сделали «медным»

Гродна, якога ўжо не ўбачым: як змянілася аблічча горада за год

Уникальная выставка икон из янтаря открылась в гродненской церкви