Віншаванне са святам Нараджэння Хрыстова Высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага

Як і кожны год, перажываем урачыстасць Нараджэння нашага Пана. 

Свет, у які прыйшоў Хрыстос, каб выратаваць яго ад граху, не захацеў прыняць свайго Збавіцеля. Таму і месца для Яго не знайшлося нідзе, нават у гасцініцы, і Прасвятая Багародзіца нарадзіла Сына Божага ў пячоры.

Сёння нам гэта карціна здаецца ідылічнай: у пячоры сярод хатніх жывёл нараджаецца Богадзіцятка. Але на самой справе гэта было страшна: пячора, якая служыла хлявом для жывёлы, стала месцам з’яўлення ў свет Збавіцеля. Нічога лепшага, акрамя хлява, свет не падрыхтаваў для Яго. Згодна са старажытным паданнем, у час нараджэння Сына Божага побач з Ім знаходзіліся вол і асёл, нібы ў знак таго, што «вол ведае ўладара свайго, і асёл яслі гаспадара свайго, а Ізраіль не ведае Мяне, народ Мой не разумее Мяне» (Ісаі 1:3). Цар Ірад, цар таго народа, які першы сярод іншых народаў павінен быў прыняць Месію, шукае Богадзіця, каб знішчыць Яго.

У чым жа сэнс свята Нараджэння Хрыстова? Ды перш за ўсё ў тым, што, нягледзячы на тое, што ўвесь свет і ўсе сілы пекла паўсталі тады супраць гэтага безабароннага Богадзіцяці, Яно перамагло свет і пакарыла пекла. І справа была не толькі ў тым, што ў пячоры на свет з’явіўся Сын Божы, а яшчэ і ў тым, што побач з Ім былі людзі — Прасвятая Багародзіца і праведны Іосіф, якім хапіла веры і сілы духу супрацьстаяць усім спакусам гэтага свету і пераадолець іх.

Гісторыя нараджэння Хрыста загадвае нам заўсёды помніць пра тое, што вялікая радасць нараджэння ў свет Сына Божага суправаджалася вялікім выпрабаваннем веры. Бог прыходзіць у свет, які ненавідзіць Яго, безабаронным Дзіцяткам і настолькі верыць чалавеку, што аддае Сябе ў яго рукі.

Свята Нараджэння Хрыстова нагадвае нам пра адну з найвялікшых хрысціянскіх ісцін: спачатку людзі дапамаглі ў гэтым свеце Богу, а потым Бог выратаваў гэты свет. І ў гэтым дзівосным супрацоўніцтве Бога і чалавека і ёсць сэнс нашага збаўлення.

Найвялікшы цуд Богаўцялеснення ў тым, што, адбыўшыся аднойчы ў гісторыі, яно паўтараецца ў кожным чалавеку, які прыходзіць да Хрыста.

Няхай свята Нараджэння Хрыстова стане святам нараджэння Сына Божага ў нашай душы і святам нашага адраджэння ў Хрысце, каб у нашых душах нарадзілася Слова Божае і напоўніла нас благадаццю, святлом і святасцю…