Віншаванне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча са святам Божага Нараджэння

  Як і кожны год, перажываем урачыстасць Нараджэння нашага Пана. 

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Дарагія дыяцэзіяне!

Як і кожны год, перажываем урачыстасць Нараджэння нашага Пана. Прыгадвае нам гэтая праўда пра спрадвечную, бясконцую і цяжкую для разумення любоў Бога да чалавека. «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).

Святы Касцёл, верны сваёй місіі, на працягу больш чым двух тысячагоддзяў, абвяшчае гэтую радасную навіну, падзяляючы яе з кожным чалавекам добрай волі. Гэтая праўда асвячае чалавека, робіць яго сэрца высакародным і напаўняе чалавечае жыццё, нярэдка поўнае цяжкасцей, выпрабаванняў і цярпення, сэнсам, калі яно становіцца шляхам, скіраваным да Бога.

Сёння станем на калені перад Бэтлеемскімі яслямі і адаруем Божае Дзіцятка, якое прыходзіць да нас і стаецца адным з нас, узбагачае бядноту нашых сэрцаў багаццем сваёй ласкі і сагравае іх цяплом сваёй любові.

Перажываючы сёлетняе свята Божага Нараджэння, складаю ўсім вам, дарагія дыяцэзіяне, шчырыя віншаванні.

Няхай вера ў бясконцую любоў Хрыста і Божую прысутнасць сярод нас будзе крыніцай радасці, надзеі і супакою.

Адзінародны Сын, Езус Хрыстус, няхай адорыць вас багаццем неабходных ласкаў, няхай павялічвае ў вашых сэрцах усялякае дабро і няхай робіць вас здольнымі дзяліцца гэтым дабром з кожным спатканым чалавекам.

Няхай матчыная апека Беззаганнай Панны Марыі суправаджае вас у штодзённым разуменні па-новаму таямніцы Божай любові, адкрытай у Асобе Езуса Хрыста.

Жадаю кожнаму з вас радасных, поўных надзеі і любові святаў Божага Нараджэння, а таксама здароўя, Божага благаслаўлення і неабходных ласкаў у Новым 2014 годзе.

Падзяляючы з вамі святочную радасць і памятаючы ў малітве перад Нованароджаным Збавіцелем, усім з усяго сэрца благаслаўляю.

Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі