Выстава батлейкi пачала працаваць у Гродне

Слана і вярблюда  ізноў можна ўбачыць у Гродне. Напярэдадні святаў у музеі гісторыі рэлігіі пачала працаваць выстава “Цуд у Віфліемскую ноч”.

Галоўны прадмет на выставе – шопкі, ці,  як іх яшчэ называюць, батлейкі, ясэлкі, вертэпы — своеасаблівыя хаткі з персанажамі падзеяў Віфліемскай ночы. Тут прадстаўленыя і саламяная шопка, і невялікая хатняя – адмыслова для кватэр, і драўляныя рэканструкцыі ХVІІІ — ХІХ стагодзяў, і батлейка Радзівілаў, і ясэлка, зробленая з паштовай скрыні. Усяго экспазіцыя складаецца з пяці батлеек і трох дзесяткаў лялек.

Сярод галоўных персанажаў батлейкі — Святая сям’я: Маці Божая з Юзафам і нованароджаным Іісусам, цар Ірад, пастушкі, тры каралі, якія прыйшлі пакланіцца Дзіцятку. Паводле традыцыі, каралі (ці мудрацы) ішлі з далёкіх краінаў і вандравалі на сланах ды вярблюдах. Гэтыя паўднёвыя жывёлы таксама ёсць на экспазіцыі – фігуры былі зробленыя ў Польшчы на пачатку ХХ стагоддзя.

Тэматыка Боджага нараджэння адлюстравана таксама і на гравюрах ХІХ стагоддзя. На выставе прадстаўлены камплект анёлкаў і паштовак, іх можна набыць.

Выстава будзе дзейнічаць да  канца студзеня.

Дарэчы, батлейка прыйшла на нашыя землі ў ХVІ стагоддзі. Першая батлейка была жывой і нават Ісуса прадстаўляў нованароджаны хлопчык. Яе стварыў у Італіі ў 1223 годзе манах Францішак Асізскі. Першапачаткова з рэлігійнымі прадстаўленнямі па вуліцах хадзілі клерыкі. Пазней батлейка выйшла на плошчу і стала таксама свецкай. Назва “марыянеткі” мае рэлігійныя карані і пайшла ад Багародзіцы Марыі.

 

Чытайце таксама:

Віфліемскі агонь прыедзе ў Фарны касцёл

«Мои мечты на Рождество»: дети просят котенка и никогда не болеть

Больш за 40 сучасных ікон прывезлі ў Каложу