Дачка і ўдава Чэслава Немэна ўпершыню прыехалі на радзіму вядомага спявака

Праз дзесяць год пасля яго смерці дачка і ўдава Чэслава Немэна упершыню прыехалі на радзіму вядомага польскага рок-спевака. Наталля Немэн прэзентавала малавядомыя песні свайго айца ў гродзенскім драмтэатры. Падчас гістарычнага візіта блізкія наведалі дом у Старых Васілішках, дзе Чэслаў Немэн жыў да дзевятнаццаці год.Але ў сустрэчы з мінулым бракавала прыватнасці.

План «інкогніта» не спрацаваў

У бацькоўскім доме знакамітага спевака цяпер знаходзіцца музей-клуб. Нейкі час дом належыў іншай сям’і, пазней у ім месцілася крама. Другая жонка Немэна Малгажата і яго дачка Наталля з мужам планавалі наведаць родныя мясціны свайго мужа і бацькі прыватна. Аднак прыехаць інкогніта ў іх не атрымалася. У Васілішках польскую сям’ю чакала падрыхтаваная вітальная праграма ад суайчыннікаў Немэна, бліскавіцы фотаапратаў, ліхтары відэакамер, роспыты журналістаў.

Наталля Немэн падзялілася, што ёй цяжка было прыняць зламаныя планы. «Я ўяўляла, што ў цішыні, перарываемай подыхамі ветру ды гукамі штодзённага вясковага васілішкаўскага жыцця, абыйду навокал дома, дзе тата гадаваўся, дзе рабіў першыя крокі. У нас з мамай вельмі шмат уражанняў ад вашай цеплыні, нас гэта моцна кранула. Але, напэўна, найбольшыя пачуцці схаваныя недзе глыбока ўнутры, бо іх найлепш адкрыць у самоце».

Чаму родныя Чэслава Немэна прыехалі ў Беларусь толькі цяпер? Наталля распавяла, што бацька апошнім разам быў у Гродне напрыканцы 70-х гадоў. Апынулася, што краіна змянілася не ў лепшы бок з часоў яго бесклапотнага дзяцінства. Пасля гэтага падарожжа Немэн мала расказваў пра Беларусь, бо з-за сваёй празмернай уражлівасці моцна засмучваўся ад ўспамінаў пра «знішчаную бацькаўшчыну». Пытанне пра візіт на Беларусь не ўзнікала, хаця сама Наталля прызналася, што неаднаразова гэтая думка прыходзіла ёй ў галаву.

Па смерці Чэслава Немэна трапіць у Беларусь яго блізкім атрымалася няхутка. Наталля акурат у гэты перыяд нарадзіла свайго старэйшага сына, неўзабаве яшчэ аднаго. Сям’я ды апека над дзецьмі апынуліся на першым месцы. Сыноў Наталля ўжо падгадавала – цяпер ім дзесяць і восем год адпаведна.

Таму ў гэтым годзе родныя Немэна ахвотна прынялі запрашэнне консульства Польшчы ў Гродне на прыезд у Беларусь. Генеральны консул Польшчы на Беларусі Анджэй Хадкевіч патлумачыў, што візіт Немэнаў быў дарэчы цяпер па дзвюх прычынах. Па-першае, наступны год знакавы для палякаў: у студзені спаўняецца дзесяць год з дня смерці спевака, а ў лютым — 75 год з дня яго нараджэння. Па-другое, саспела неабходнасць вырашыць, што будзе далей з музеем Чэслава Немэна ў Васілішках, у якім фармаце і пад якім статусам ён мае далей развіваца.

Дзве музычныя рэйкі

У рэпертуары Наталлі ідуць поруч нібы дзве рэйкі — два накірункі творчасці: яе бацькі і ўласная. На сцэне драмтэатра яна прэзентавала пераважна першы з іх. Праграма «Немэн, якога мы не ведалі» складалася з малавядомых кампазіцый двух апошніх альбомаў Чэслава «Terra Deflorata» (1989) і «spodchmurykapelusza» (2001). Дачка Немэна мяркуе, што медыі праігнаравалі пазнейшую творчасць рок-зоркі. Таму сваёй мэтай яна бачыть папулярызацыю невядомых песняў бацькі. А удава Немэна Малгажата цяпер займаецца абаронай аўтарскіх правоў на прадукты творчасці свайго мужа.

 

 

Фота Марыны Харэвiч i Аляксандра Касарскага

 

Чытайце таксама:

Концерт «Океан Ельзы» в Минске: коктейль из романтики, драйва, страсти и таланта

Концерт «Без билета» в Гродно: музыканты выключали свет и обливали поклонников водой

На концерте в Минске солисты Blue признались, что в Беларуси самые красивые девушки