Музей лялек пачаў працаваць у гродзенскім тэатры

Герояў спектакляў 30-гадовай даўніны сабралі ў адным пакоі у тэатры лялек.  У нядзелю, 13 кастрычніка тут адчыніўся музей.

Стварыць музей, які б апавядаў гісторыю тэатра лялек, было запланавана падчас нядаўняй рэканструкцыі тэатра. Першая экспазіцыя прысвечана першаму мастаку тэатра Леаніду Быкаву. Ён працаваў тут у 80-я гады мінулага стагоддзя. Усе лялькі прадстаўленай калекцыі створаны яго рукамі. Яны гралі больш, чым у дзесяці спектаклях, сярод якіх «Сцяпан вялікі пан», «Папялушка», «Сіндбад-мараход», «Неверагодны ілюзіён», «Канёк-гарбунок», «Доктар Айбаліт». Таксама экспазіцыя ўключае эскізы, малюнкі, фотаздымкі, якія адлюстроўваюць творчасць мастака.

Невялікая частка выставы апавядае пра гісторыю будынка. На фотаздымках прадстаўлены тэатр у розныя часы свайго існавання.

Экспазіцыя будзе змяняцца. Хутка месца зоймуць састарэлыя лялькі пасля плануемай вялікай замены рэпертуара.

Як паведаміў галоўны рэжысёр тэатра Алег Жугжда, музей лялечнага тэатру ёсць у Мінску і плануецца ў Брэсце, асобныя лялечныя экспазіцыі ёсць у Магілёве і Віцебску. Шмат такіх музеяў у Еўропе. Іх калекцыі выязджаюць «на гастролі» нават без спектакляў.

Наведаць музей можа кожны гледач спектакля бясплатна. Астатнія  могуць замовіць экскурсію па музеі. Кошт музейных квіткоў пакуль што не ўсталяваны, але вядома, яны будуць таннейшыя за квіткі на спектаклі.

Даведка «ВГ»

Леанід Міхайлавіч Быкаў (1927–2004) быў галоўным мастаком Гродзенскага тэатра лялек ў 1981–1988 гадах. За гэты час ён аформіў больш за 100 спектакляў.

Фота Марыны ХАРЭВІЧ