Пасмяротную кнігу твораў Юрыя Гуменюка «Назаві мяне геніем» прэзентавалі ў Гродне

Вечарына памяці гродзенскага паэта і журналіста Юрыя Гуменюка, які трагічна загінуў мінулай зімой, прайшла ў Гродне. Сябры і калегі сабраліся ў галерэі “Крыга”, каб падзяліцца ўспамінамі, пачытаць яго вершы на 44 дзень нараджэння паэта.

Нагадаем, што Юрый Гуменюк загінуў сёлета 19 студзеня, выпаўшы з 9 паверху. Следчы камітэт прычынай смерці назваў самагубства. У «Крызе» паэт у апошні раз публічна прадстаўляў свае творы. 

На вечары можна было набыць кнігу Гуменюка “Назаві мяне геніем”, якую пасмяротна выдала Гарадзенская бібліятэка. Ахвяраванні за кнігу збіраліся на помнік паэту, які паставяць на могілках. Сярод прысутных была і маці Юрыя Хрысціна Казіміраўна.

Усе выступоўцы адзначалі непадабенства Гуменюка і яго твораў да іншых, яго эстэтызм, немагчымасць застацца абыякавым да яго асобы. Некаторыя прысутныя прызнавалі, што Гуменюк не іх паэт, але гэта не перашкаджала успамінаць яго з павагай.

Полацкі літаратар Алесь Аркуш вызнаў, что ніхто да Гуменюка так не пісаў, не пісаў побач з ім, і не напіша пазней. “Творы добрага паэта, як добрае віно – з часам робяцца лепшымі”, — запэўніў спадар Алесь аб будучыні паэзіі Гуменюка.

Характэрную назіральнасць паэта і яго існаванне нібы па-над часам заўважыў прафесар Гродзенскага універсітэта Ігар Жук. Ён узгадаў, што Гуменюк марыў жыць у ранейшыя часы…

Прафесар-літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч адзначыў, што паэзія Гуменюка была паэзіяй пратэсту ў свой час. “Ён апранаўся не так, як усе, захоўваўся не так, як усе, і пайшоў з жыцця не так, як усе, — выказаўся Аляксей Міхайлавіч. – І ён застаецца для нас таямніцай”.

Здольнасць Гуменюка казаць не так, як усе, пацвердзіла і паэтка Ала Пятрушкевіч. “Ён казаў мне не “як прыгожа вы сёння выглядаеце”, а “вы падобны на даму срэбрнага веку”, — успамінала паэтка. Гуменюк мог казаць не толькі надзвычай прыемныя словы, але і выказацца з пагардай адносна афармлення кнігі ў бок рэдактара, калі іншыя толькі хвалілі.

Блізкая сяброўка Юрыя паэтка Ганна Аўчыннікава, кажучы пра незвычайнасць Юры, з комам у горле падзялілася, што Юрый быў тым чалавекам, з кім яна б хацела яшчэ ўбачыцца.

Маці Юрыя не раз узрушвалася, слухаючы ўспаміны. Апасля яна сама падзялілася, як Юрка рос здаровым, цікаўным дзіцём, як захапляўся рознымі відамі спорту, як любіў бацьку, як разводзіў рыбак у акварыўме, як чытаў вершы.

На вечарыне прагучалі песні на словы Юрыя Гуменюка ў выкананні Вольгі Хвашчынскай, Уладзіміра Захарава і Таццяны Салаўёвай.

Першы беларуска-шведскі вечар памяці Юрыя Гуменюка прайшоў у Беластоку ў траўні, гродзенцы на ім не прысутнічалі.