Рэліквіі святога Яна Боска наведаюць Фарны касцёл

Рэліквіі італьянскага святога Яна Боска 30 жніўня прывязуць у Фарны касцёл а 18 гадзіне. Урачыстую св. Імшу а 19.00 ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Сусветная перэгрынацыя (падарожжа) рэліквій гэтага святога пачалася ў 2009 годзе. Беларусь стала 130-й краінай, якая прымае ў сябе рэліквіярый. Гродна – адзін з дзесяці беларускіх гарадоў і мястэчак, дзе сустрэлі парэшткі вялікага святога. У Гродзенскай вобласці рэліквіі Яна Боска завіталі толькі ў Смаргонь, Дзятлава і Наваельню.У Фары пакланенне рэліквіям працягнецца да 23.00, пасля чаго рэліквіярый накіруецца ў Мінск.

Рэліквіярый уяўляе сабой саркафаг, у якім знаходзіцца васкавая фігура святога. Штучная фігура ўтрымлівае ў сабе сапраўдныя парэшткі рукі Яна Боска.

Святы Ян Боска жыў у XIX стагоддзі. Ён заснаваў новы манаскі ордэн – салезіянскі. Яму аддаюць пашану як апекуну моладзі, рэдактараў, кнігадрукароў, чаляднікаў.

Культ пакланення рэліквіям святых хіба больш развінуты ў праваслаўнай царкве. Аднак ужо другі раз за лета парэшткі святога прывозяць у каталіцкі касцёл. На пачатку жніўня ў Гродна былi рэліквіі французскай святой Тэрэзы з Ліз’ё. Каталіцкі касцёл лічыць пакланенне парэшткам святых неабавязковым для збаўлення, аднак заклікае з пашанай ставіцца да чалавечага цела – жывога чалавека ці памерлага.