Сто гадоў з электрычнай лямпачкай, альбо Як у Гродне хацелi пусцiць трамвай

У самым канцы мінулага 2012 года Гродна мог бы адзначыць маленькі, аднак вельмі важны юбілей. Юбілей... лямпачкі. Сто гадоў таму ў дамах гродзенцаў запалілася электрычнае святло. Газавая (керосиновая) лямпа з таго часу ўжо адыходзiла ў мінулае.

Першая гродзенская электрастанцыя перад самай вайной

З’яўленне электрычнай лямпачкі ў Гродне было б немагчымым без электрастанцыі. А ў канцы XIX ст. попыт на электрычную энергію быў у нашым горадзе досыць значным. Гродна з’яўляўся губернскім горадам, у якім жыло каля 50 тысяч чалавек, стаяў вялікі расійскі гарнізон, існавала некалькі прамысловых прадпрыемстваў. Вельмі актуальнай была і праблема асвятлення вуліц. На іх свяцілася толькі каля двухсот спіртавых ліхтароў. З надыходам вячэрняга змроку горад акунаўся ў цемру.

Будаўніцтва чакалі 10 гадоў

У лістападзе 1898 года Гродзенская гарадская дума стварыла камісію, якая павінна была вырашыць пытанне будаўніцтва першай гродзенскай электрастанцыі. Аднак па невядомых прычынах будаўніцтва электрастанцыі ў Гродне было адкладзена ажно на дзесяць гадоў.

У канцы першага дзесяцігоддзя XX стагоддзя ўласныя электрастанцыі былі ў Мінску, Вільні, Магілёве, Віцебску. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ініцыятывы будаўніцтва гарадской электрастанцыі траплялі ў гарадскую думу ад гродзенцаў. Так, у 1909 годзе інжынеры В. Бук і А. Дзержаноўскі, а таксама купец В. Іонес клапаціліся пра прызначэнне ім канцэсіі на будаўніцтва электрастанцыі. Кіраўніцтва горада такога дазволу не дало, але ў сакавіку 1909 года стварыла новую камісію, якая павінна была дакладна даследаваць патрэбы горада ў электрычным току.

 

 

Жадаючых амаль не было

Цяпер гэта можа паказацца дзіўным, але спачатку не было шмат жадаючых стаць абанентамі электрастанцыі. Камісія знайшла толькі 116 гродзенцаў, якія жадалі мець у сваіх дамах, гатэлях і канторах электрычныя лямпачкі. Гэтага было замала, каб гарантаваць электрастанцыі прыбытак, аднак будаўніцтва пачалося, і 12 снежня 1912 года электрастанцыя на вуліцы Аляксандраўскай (цяпер Будзёнага) падала на горад першы ток. Два рухавіка сістэмы Дызеля былі ў стане насычыть 120 вулічных электрычных ліхтароў горада і 8000 лямпачак абанентаў. Асвятленне вуліц стала найлепшай рэкламай электрычнасці. За год колькасць абанентаў узрасла да пяцісот, і ўлады былі вымушаны ўсталяваць яшчэ два рухавіка Дызеля. Нават разглядалася магчымасць будаўніцтва трамвайнай лініі ад чыгуначнага вакзала да параходнай прыстані на Нёмане.

 

Новы рухавік купілі за кроны

У гады Першай сусветнай вайны электрастанцыя была моцна пашкоджана. Толькі ў кастрычніку 1922 года быў узяты крэдыт у памеры 75 450 шведскіх кронаў і набыты ў фірме «Атлас Дызель» новы рухавік.

 

 

Электрычнасці хапала не для ўсіх

У 1928–1932 гг. была праведзена сур’ёзная рэканструкцыя электрастанцыі. Тут усталявалі дзве паравыя турбіны фірмы «Сталь» і некалькі катлоў, вада ў якіх награвалася пры дапамозе каменнага вугля. Для новых тэхнічных сістэм пабудавалі турбінную залу. Цікава, што электрастанцыя пасля рэканструкцыі магла даваць току нават у два разы больш за рэальнае карыстанне электрычнасцю цэлым горадам. У 1928 годзе былі пабудаваны таксама чатыры падстанцыі — дзве за Нёманам, адна на вуліцы Ерусалімскай і адна на плошчы Баторыя. У 1933–1937 гадах пабудавалі яшчэ тры. Гродзенская электрастанцыя забяспечвала не толькі горад, але і раёны Фолюша, Панямуні, Чэхаўшчызну. У канцы 1920-х — першай палове 1930-х да току падключаны млын Касоўскага, тытунёвая фабрыка і гарадскі вадаправод. Попыт на электрычнасць пастаянна павялічваўся, аднак нават у 1939 годзе забяспечана электрычнасцю толькі 52 працента жылых кватэр.

 

Стары будынак не захаваўся

Пачалася Другая сусветная вайна, і новая, савецкая улада таксама планавала значную рэканструкцыю электрастанцыі. Напад Германіі на СССР перакрэсліў гэтыя планы. Пакідаючы Гродна ў 1944 годзе, нямецкія войскі моцна знішчылі электрастанцыю. Толькі самаадданая праца гродзенцаў дала магчымасць за кароткі час узнавіць нармальную працу прадпрыемства.

У апошнія гады старая гарадская электрастанцыя страціла сваё прызначэнне. Аднак захаваць арыгінальны будынак, несумненна, было варта. Можна было б «пачысціць» яго ад пасляваенных надбудоваў, падкрэсліць цікавыя архітэктурныя дэталі і пабудаваць каля яго нешта вельмі моднае, са шкла і бетону, з сучасным выглядам і камфортам. Гэта дало б дадатковую магчымасць «гістарызаваць» Студэнцкую вуліцу, адну з найпрыгажэйшых у горадзе. На жаль летам 2009-га электрастанцыю цалкам знеслі. Адзіным напамінам пра першую гродзенскую лямпачку з’яўляецца старая падстанцыя, што стаіць каля басейна «Лазурны». Нядаўна прадстаўнікі Беларускага таварыства аховы помнікаў звярнуліся ў Міністэрства культуры з прапановай надаць гэтай падстанцыі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

 

 

Чытайце таксама:

Ветеран Иван Бохан: «Воевать не страшно. Страшно по сожженной деревне идти»

Эхо стадионов: к столетию гродненского футбола. Часть 1

Эхо стадионов: к столетию гродненского футбола. Часть 2