Скульптар Андрэй Вараб’ёў: “Я стаў на гэты шлях, таму нічога не застаецца, як ісці далей”

Лаўрэат II-га Беларускага біенале жывапісу, графікі і скульптуры Андрэй Вараб’ёў у чарговы раз прывёз у Гародню  скульптуры. Майстар распавёў чытачам «ВГ» пра цяжкасці з перамешчэннем экспанатаў і пра тое, што падштурхнула яго займацца менавіта скульптурай.

 

Звычайны мужчына ў непрыкметнай адзежы, гаваркі, са шчырай усмешкай – такім паўстаў перад гарадзенцамі Андрэй Вараб’ёў, скульптар з Віцебска. Утульны iнтэр’ер галерэі схіляў да вольнай гутаркі: павольна грала віяланчэль, гледачы разглядалі шматлікія экспанаты, вялікія і маленькія, што змяшчаліся за шклом і на пастаментах, а пасярод пакоя –  скульптура “Удваіх”, адлітая напярэдадні выставы.

“Я рады апынуцца тут, у Гродне. Да гэтага прыйшлося аб’ехаць усю Беларусь, але пра гэту выставу  марыў даўно. Гэта было амаль што немагчыма. Але дзякуючы галерэе “Крыга”, дзякуючы таму, што  ў Гародні я маю шмат сяброў, блізкіх мне людзей, мая мара здзейснілася,” – гаворыць Андрэй Алегавіч.
Асноўная тэма выставы – чалавек. “Скульптура – гэта мастацтва для чалавека, нават “праз чалавека”. У першую чаргу я ўвасабляю ў сваіх працах сябе і увесь свет праз сябе,” – разважае Андрэй Вараб’ёў. “Скульптура лепш за жывапіс, яна найбольш поўна можа адлюстраваць пластыку, ідэі. Можна патушыць святло, а форма не зменіцца. Знікаюць колеры, графіка, а скульптура заўсёды застаецца”.

 

alt

 

Адлітая ў метале, а потым сагрэтая цеплынёй рук аўтара, кожная скульптура мае сваю ўнікальную гісторыю. Самы даўнішні выраб – “Азбука для Андрэя” – датуецца 1999 годам. На свой Дзень нараджэння, 10 сакавіка, скульптар зрабіў адзін з апошніх экспанатаў “Аўтапартрэт”. Нездарма выстава мае назву “Рэтраспектыва”: у галерэі сабраныя працы майстра больш чым за 15 год.

Перавозка скульптур з адной выставы на іншую – справа складаная. Вырабы з чыгуну, бронзы, каменя важкія: “Транспартаваць вельмі цяжка, нязручна насіць, падымаць. Усё сам”.

Скульптуры знаходзяцца ў  асабістай калекцыі Андрэя Вараб’ева і не ідуць у продаж.  “Я сам сябе спансірую. Звычайны чалавек рэдка купляе скульптуры, таму што вакол іх патрэбна прастора. Жывапіс можна на любую сценку павесіць, а пад скульптуру неабходна спецыяльнае месца або вялікая кватэра. Гэта досыць праблемна”.

 

alt   alt

 

Любоў да сваёй працы, да мастацтва дазваляе яму зладзіцца з любымі цяжкасцямі і ўвасобіць у жыццё высокія задумы. “Скульптура хоць менш запатрабаваная сёння, але яна значна выразнейшая, значна бліжэй мне,” – дадае Андрэй Вараб’ёў. “Я больш нічога не ўмею, нічога не хачу. Я стаў на гэты шлях, таму нічога не застаецца, як ісці далей”.

З 5 па 16 красавіка гарадзенцы маюць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю знакамітага скульптара: у мастацкай галерэе “Крыга”, што знаходзіцца па вул. Савецкай, 3, праходзіць яго персанальная выстава.

 

alt

 

alt

 

alt

 

alt

 

Чытайце таксама:

Григорий Антипенко: «Чем Господь наделил, тем и пользуюсь»

Наш космический земляк. Скульптор Иван Миско о себе и своих «звездных» моделях

Шалкевiч прэзентаваў кнiгу