Гродзенцы бегаюць разам!

Кожную нядзелю ўдзельнікі Гродзенскага руху за здаровы лад жыцця збіраюцца для супольных прабежкаў. І калі вы ўбачыце маладых людзей ў майках ды шортах, якія бягуць па цэнтры горада, будзьце ўпэўненыя — гэта яны.

Стартуюць аматары бегу ў Каложскім парку, прабягуць праз плошчы Савецкую ды Леніна, накіруюцца ў бок Лядовага палацу і фінішыруюць там, дзе і пачыналі. Агульны маршрут складае прыкладна 4,5 км.

Гродзенскія прабежкі ладзяцца з 4 лютага. Можа, таму яны пакуль не карыстаюцца асаблівай папулярнасцю сярод моладзі. Арганізатарам з’яўляецца актывіст руху Яўген Паўловіч:
— Увогуле, традыцыя збіраць народ для сумесных прабежкаў прыйшла ў Гродна з Мiнску. Да гэтага ў сацыяльных сетках існавалі гродзенскія суполкі, якія выступалі за прапаганду здаровага ладу жыцця, але ініцыятывы і толку было мала. Таму патрэбна было дзейнічаць. Зараз такія ж прабежкі ладзяцца ў Гомелі, Жодзіна, Маладзечна. Людзі ў большасці збіраюцца праз тыя ж сацыяльныя сеткі. Мы стараемся паказаць, што не ўсім прапіваць ды прапальваць сваю маладосць, як сцвярджаюць некаторыя. Таму супольныя прабежкі — гэта насамрэч крута.

Звязацца з арганізатарам не так і складана: дастаткова зайсці ў суполку «Гродзенскі рух за здаровы лад жыцця» ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» або проста прыйсці ў назначанае месца і час.