Пiсаць згодна новага беларускага правапiсу давяздецца не толькi школьнiкам, але i бiзнесмэнам

Новыя правілы беларускай арфаграфіі закранулі не толькі школьнікаў і студэнтаў. Пераафармляць усю дакументацыю і замаўляць новыя шыльды, пячаткі давядзецца ўніверсітэтам, некаторым арганізацыям і нават кожнаму ПУПу.

За выпраўленнi ў падручнiках 3 гады нiхто сварыцца не будзе.

Хвосцік над «у»
Усё таму, што сёння па заканадаўстве кожная юрыдычная асоба павінна рэгістраваць сваю назву на дзвюх мовах: рускай і беларускай.
Асабліва не пашанцуе тым, хто ў сваёй назве мае запазычаныя словы.  Таму што новы правапіс, у большасці, закрануў словы менавіта іншамоўнага паходжання. Да прыкладу, медЫЯ, відЭА, гендАР, саЎна, фаЎна і іншыя. Шматлікія клубы стануць не камп’ютЭрнымі, а камп’ютАрнымі. ПУП з «прыватнага Унітарнага прадпрыемства» пераўтварыўся ў «прыватнае Ўнітарнае прадпрыемства». Хвосцік над «у» дадаў клопату таксама ўніверсітэтам, назвы якіх зараз таксама пішуцца з «у нескладовым». Да прыкладу, Гродзенскі дзяржаўны Ўніверсітэт імя Янкі Купалы ці Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі Ўніверсітэт.
– Нам давядзецца змяніць усю дакументацыю, пячаткі, перарабіць студэнцкія і чытацкія білеты, заліковыя кніжкі, замовіць новыя шыльды і стэнды. А гэта вялікія грошы і шмат часу. Радуемся толькі, што на перавод адвялі тры гады. За гэты час паспеем усё змяніць, а галоўнае, знайсці на гэта сродкі, – расказвае намеснік старшыні Цэнтра масавых камунікацый ГрДУ імя Янкі Купалы Надзея Вашкялевіч.
Па перарэгістрацыю пакуль ніводная юрыдычная асоба не звярнулася. «Мы ведаем пра змены ў арфаграфіі, але ж пакуль да нас ніхто з юрыдычных асобаў па справах пераафармлення не прыходзіў. Як заўсёды, нашыя людзі ўсё робяць у апошні момант, таму чакаем натоўпу праз тры гады», – паведамілі ў аддзеле знешнеэканамічнай дзейнасці, прадпрымальніцтва і рэгістрацыі юрыдычных асобаў гарадскога ўпраўлення эканомікі. Не выключана, што ніхто не спяшаецца змяняць назвы, бо ў афіцыйных дакументах дагэтуль не прапісана, якое пакаранне чакае за парушэнне Закона «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Студэнты скокнуць з месца ў кар’ер
Студэнтам на вывучэнне новага правапісу адвялі толькі адзін семестр. Ужо на бліжэйшай сесіі яны будуць здаваць залікі і экзамены па беларускай мове згодна з дзеючымі правіламі.
– Для навучэнцаў нефілалагічных спецыяльнасцей мы зробім паслабленне на тры гады, як для школьнікаў. Філолагі ж павінны будуць ведаць новыя правілы ўжо ў гэтым годзе. Гэта дарослыя людзі, якія павінны ўмець прыстасоўвацца да новых рэалій, – расказвае загадчык кафедры беларускай мовы ГрДУ імя Янкі Купалы Валерый Варановіч.
Да таго ж, новыя правілы сур’ёзна закрануць толькі першакурснікаў, якія вывучаюць фанетыку і арфаграфію. На астатніх курсах ідзе марфалогія, сінтаксіс, словаўтварэнне, дзе новыя правілы будуць з’яўляцца ўскосна. Выкладчыкі ўвогуле людзі лёгкія на пад’ём: сёння чытаюць адзін прадмет, у наступным годзе — іншы, вывучваюць за лета. Пра змены ў правапісе ведалі даўно, ужо ўсё вывучылі.
А вось новых падручнікаў і кніг мастацкай літаратуры, нават дзякуючы рэформе, у бліжэйшыя гады студэнты так і не дачакаюцца.

Школьнікі ходзяць на моўныя «хвілінкі»
Ужо зараз настаўнікі праводзяць на ўроках «хвілінкі арфаграфіі».
Таксама кожны вучань можа запісацца на факультатыў па новым правапісе. Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела агульнай, сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Тамара Прадзед, напрацягу трох гадоў настаўнікі будуць выпраўляць памылкі ў сшытках, але не будуць улічваць пры выстаўленні адзнакі. На выпускных экзаменах з тэкстаў дыктантаў і пераказаў выключаць словы з новым напісаннем. Калі гэта не магчыма, настаўнік выпіша іх на дошцы. Таксама плануецца, што з заданняў цэнтралізаванага тэсціравання на тры гады выкрэсляць спрэчныя моманты. Новыя падручнікі для 5 – 11 класаў школы вобласці ці ўжо атрымалі, ці ў хуткім часе атрымаюць. А вось 9 класу ў гэтым годзе давядзецца давучвацца па старых кнігах.

Навошта ўсё гэта
Апошні раз правапіс змяняўся пяцьдзесят гадоў таму. З таго часу ў мову прыйшло шмат новых паняццяў і запазычаных словаў. Іх пісалі як выключэнні з правіл. Зараз падпарадкуюць агульным нормам, «што аблегчыць навучанне і валоданне мовай. Беларускі правапіс стане больш паслядоўным і несупярэчлівым. Таксама гэта яшчэ адзін крок у бок збліжэння пісьмовай мовы з беларускім вымаўленнем», сцвярджаецца ў афіцыйных дакументах Міністэрства адукацыі.
«Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»  ўжо сёння можна знайсці ў бібліятэках, крамах, амаль кожны настаўнік беларускай мовы іх мае. Але ж арфаграфічнага слоўніка, па якім можна праверыць сябе, пакуль не надрукавалі.

Даведка «ВГ»
Што змянілася
1 Пашырылася ўжыванне акання ў запазычаных словах: замест трыо – трыа, какаО – какаВА, ТокіО-ТокіА.
2 Канцавыя элементы -эр, -эль замянілі на -ар, -аль: камп’ютЭр-камп’ютАр, шніцЭль — шніцАль, світЭр-світАр, містЭр-містАр, аўдыЁ-аўдыЯ, відэО-відэА.
3 У першым складзе перад націскам «е» замянілі на «я»: замест дзЕвяты-дзЯвяты, дзЕсяты-дзЯсяты, сЕмнаццаць-сЯмнаццаць, пяцьдзЕсят-пяцьдзЯсят, ВЕлікабрытанія-ВЯлікабрытанія.
4 «ў» пішацца амаль ва ўсіх словах іншамоўнага паходжання: ва Універсітэце – ва Ўніверсітэце, фаУна-фаЎна. Але на канцы слова захоўваецца «у»:ток-шоУ, радыУс, соУс.
5 «о» замяняецца на «а» ў скарочаных словах: гаркОм-гаркАм, газпрОм-газпрАм, аблвыканкОм-аблвыканкАм.
6 «і» замяняецца на «ы»: дэзІнфекцыя-дэзЫнфекцыя, дэзІнфармацыя-дэзЫнфармацыя.
7 Упарадкавалася напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў, пасадаў: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь, у неафіцыйным ужыванні старшыня, прэзідэнт, міністр.
8 Назвы божастваў  і святаў пачнем пісаць з вялікай літары: Бог, Божы храм, Усявышні, Святая Троіца, Каляды, Радаўніца, Масленіца, Купалле.
9 «йо» замяняецца на «ё»: Нью-Йорк – Нью-Ёрк,  «а»  на «я» – піАр-піЯр.
10 Рэгламентаваны суфікс -ірава: ліквідАВАць-ліквідзІРАВАць, рэканструІРАВАць-рэканструЯВАць.
11 Спрошчаны пераносы словаў: зараз можа быць ся-стра, сяс-тра, сяст-ра.

Гэта цікава
Першыя спробы ўпарадкаваць беларускую арфаграфію зрабіў Браніслаў Тарашкевіч і ў 1918 годзе выдаў «Беларускую граматыку для школ». Праз пятнаццаць гадоў Савет Народных Камісараў адмяніў мяккі знак. Глабальна правілы змяніліся толькі ў 1959 годзе. Дарэчы, арфаграфічную камісію тады ўзначальваў Якуб Колас, яго паплечнікам быў Кандрат Крапіва. Навейшую рэдакцыю распрацавалі ў 2008 годзе і замацавалі ў Законе «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які ўступіў у сілу 1 верасня 2010 года.