Шопінг: эксклюзіўна ці экстрэмальна?

Дар`я ГУШТЫНАбсалютна розныя, нашы героі вучацца ў адным універсітэце. Часам сутыкаюцца ў адной “паточцы”. Здаюць залікі адным і тым жа выкладчыкам. І аб`ядноўвае іх агульны інтарэс – да шопінгу. Толькі Юля апранаецца выключна ў дарагіх фірменных крамах, а Саша аддае перавагу адзенню “з другіх рук”.

Цуд у рэшаце

– Аднойчы я купіў невыносную, як мне тады здавалася, сумку за 500 рублёў на распродажы. Два гады яна ўпрыгожвала маю паліцу. А ў гэтым я з поспехам яе нашу, здзіўляючы сваёй стылёвасцю аднагрупнікаў.
Саша вучыцца на 4 курсе універсітэту. Прафесійна ён займаецца камп`ютэрным дызайнам, а ў вольны час распрацоўвае моднае адзенне.
– У кожнага сваё разуменне моды і стыля. Я магу купіць пяць рэчаў у “сэкандзе” за 10 тысяч і зрабіць з іх адну такую, якой ні ў каго не будзе.  
Апошняе вынаходніцтва нашага героя – чорны пінжак, які ён сам распісаў.
– Я навучыўся многаму. Шыць і перашываць, размалёўваць, вырэзваць. Шыкоўна выглядае адзенне з вышыўкай, чаму я і хачу навучыцца.
Аляксандра не хвалюе эстэтычны бок сэкад-хэндаў. Ён гаворыць, што першы час было няёмка ад таго, што рэч паношаная.
– А пасля забываеш пра гэта. У маім жыцці не было чагосьці абсалютна новага. Жыллё мы з бацькамі атрымалі ў спадчыну ад бабулі. У дзяцінстве я даношваў адзенне за старэйшым братам. Зараз вось хачу купіць машыну. Але, вядома ж, на новую мне грошай не хопіць. Так што “другія рукі” паўсюль.
Я сустракаю Юлю ў моднай абутковай краме . У яе абсалютна іншая філасофія наконт адзення:
– Для мяне вельмі важна паспяваць за ўсімі навінкамі. Чалавека сустракаюць па адзенню. Я, у сваю чаргу, гляджу на марку, кошт і якасць.
Дзяўчына апранаецца выключна ў дарагіх фірменных крамах. Добра, што бацькоўскія грошы дазваляюць гэта рабіць. Яна разлічваецца карткай за туфлі на суму з шасці нулямі ў канцы і скардзіцца на тое, што ў Гродна пакуль недастаткова якасных крам.
Знайсці жаданую рэч у “сэкандзе” не так проста. У гэтым я пераканалася, наведаўшы адну з такіх крам у першы дзень завоза. Тут пачынаеш разумець, што для некаторых гэты від шопінга стаў нечым накшталт  экстрэмальнага спорта. За паўгадзіны да адкрыцця ля ўваходу нервова пераступаюць з нагі на нагу каля 20 чалавек, з непрыемнасцю глядзяць на сапернікаў.

Залаты горад
Самае цікавае, што побач з рэчамі “бэ-у” ў такіх крамах можна знайсці адзенне і абутак “сток”.  За час сваёй “вандроўкі” знаходжу брытанскую куртку “Elle” за 25 тысяч, кофту “Marriella Burani” за 15, джынсы “Diesel” каштуюць 28 тысяч, а туфлі ад “Atmosphere” –  усяго 16. Тут пачынаеш верыць у цуд і ў тое, што на 100 тысяч ты можаш стаць модным і стыльным.
У фірменнай краме джынсы “Big star” каштуюць 200 тысяч, кофта і куртка гэтай жа маркі крыху больш за 300 тысяч, пінжак ад “Zingal” – 165, а джэмпер ”San & Fa“ – 100 тысяч. Атмасфера няспешнасці пануе ў буціках. Вядома, да таго часу, пакуль не прыйдзе сезон зніжкаў.

Эксперт «ВГ»

Алена Бяляева, канструктар адзення і ўдзельнік «Мельницы моды-2007», упэўнена, што апранацца дорага і апранацца стыльна – абсалютна розныя рэчы.

– Сапраўдных буцікоў у Гродна няма ўвогуле. Ёсць некалькі крам, якія ствараюць антураж «буціка» за кошт цэнаў. Часцей за ўсё там можна знайсці адзенне масавых , а не сусветна вядомых марак. А паколькі матэрыяльна не ўсе студэнты гатовы апранацца ў дарагiх крамах, яны ідуць у сэканд-хэнды.